На будаўніцтве стадыёна "Дынама" выявілі растрату ў 300 тысяч долараў
Камітэт дзяржкантролю праверыў, як ідзе рэканструкцыя стадыёна "Дынама" ў Мінску. Праверка выявіла, што падчас рэканструкцыі адбывалася незаконнае расходаванне бюджэтных сродкаў, паведамляюць "Мінск-Навіны".
КУП "Упраўленне капітальнага будаўніцтва (УКС) Мінгарвыканкама" заплаціла будтрэсту №1 за перавозку на стадыён 39 тысяч пагонных метраў сталёвых абсадных труб. Але праверка выявіла, што ў такой колькасці матэрыялы на будпляцоўку не завозілі. Паводле тэхналогіі, адну і тую ж абсадную трубу выкарыстоўваюць да дзесяці разоў. Унутры трубы робяць свідравіну, пасля чаго трубу дастаюць, чысцяць і выкарыстоўваюць нанова.
Але праектоўшчыкі не ўлічылі гэтую акалічнасць у каштарыснай дакументацыі, а падрадчык скарыстаўся іх памылкай, кажа галоўны спецыяліст галоўнага ўпраўлення кантролю па Мінску КДК Рыгор Шаколін.
У выніку замоўца аплаціў за фактычна не дастаўленыя 35 тысяч пагонных метраў труб. З бюджэту было выдаткавана больш за 210 тысяч рублёў (каля 105 тысяч долараў).
Таксама падрадчык не змог дакументальна пацвердзіць набыццё каля 2300 пагонных метраў труб на суму 419,3 тысячы рублёў (каля 210 тысяч долараў).
Такім чынам, агульная растрата, па падліках Дзяржкантролю, склала каля 315 тысяч долараў.