На чарнобыльскім мітынгу ў Магілёве стала кепска школьніку, яго забрала "хуткая"
Дзве акцыі, прысвечаныя ўгодкам Чарнобыльскай катастрофы адбыліся 26 красавіка ў Магілёве.
Афіцыйны мітынг-рэквіем гарадскія ўлады арганізавалі каля мемарыяльнага знаку "Ахвярам Чарнобыля" на тэрыторыі былога навукова-даследчага інстытута экалагічнай і прафесійнай паталогіі, перадае Радыё "Свабода". Большасьць удзельнікаў акцыі складала моладзь. Прычым дабірацца на месца імтынгу дэлегацыям школьнікаў і студэнтаў давялося грамадскім транспартам.
Аднаму школьніку падчас мітынгу стала кепска: ён паваліўся, і яго забрала "хуткая дапамога".
Пасля мітынгу ўдзельнікі ўсклалі кветкі да мемарыяльнага знаку і ўшанавалі памяць ахвяраў Чарнобыля хвілінай маўчання.
На апазіцыйную "чарнобыльскую" акцыю прыйшлі толькі шэсць чалавек. Яна прайшла каля Крыжа памяці па ахвярах чарнобыльскай трагедыі, усталяванага недалёка ад Паўднёва-Усходніх могілак горада. На афіцыйны мітынг прадстаўнікі апазіцыі не ходзяць, бо там ім не даюць выступіць.
Дарэчы, сёння за ўдзельнікамі акцыі не назіралі супрацоўнікі міліцыі, як гэта было раней. Пасля кароткай прамовы апазіцыянеры ўсклалі кветкі да памятнага знаку і ўшанавалі памяць чарнобыльскіх ахвяраў хвілінай маўчання.