На датэрміновым галасаванні ў БДУ студэнты галасуюць кожныя дзве хвіліны

На датэрміновым галасаванні ў БДУ студэнты галасуюць кожныя дзве хвіліны

"Мы проста дадому едзем у нядзелю", — так тлумачаць сваё жаданне прагаласаваць адразу ў першы дзень датэрміновага галасавання чатыры студэнткі БДПУ імя Максіма Танка.

На ўчастак яны прыходзяць акурат да адкрыцця, а 10-й раніцы. І не могуць патлумачыць паводле якіх крытэраў абіралі дэпутата.

У наступныя паўгадзіны больш ніхто не прыходзіць. На ўчастку ў мяне перапісваюць дадзеныя і добразычліва дазваляюць здымаць што заўгодна і размаўляць з людзьмі. Раней з гэтым было складаней. Студэнты прыносяць на ўчастак вялікія калонкі, але гэта на дзень выбараў, пакуль галасуюць без музыкі.

У інтэрнаце БДУ на Кастрычніцкай вуліцы за гадзіну пасля адкрыцця ўжо прагаласавала тры дзясяткі студэнтаў, паведамляюць у камісіі. А гэта адзін выбаршчык кожныя дзве хвіліны. Цяпер прыходзяць студэнты, якія вучацца ў другую змену, пасля абеду чакаюць тых, хто вучыцца ў першую. 

"Можна было датэрмінова прагаласаваць, вось і прагаласавалі, людзей меней. У нас такі расклад, што сёння выходны", — тлумачаць студэнткі Вольга і Даша. Яшчэ адна іх сяброўка наогул сумняваецца, што можна галасаваць у нейкі іншы дзень, але ёй падказваюць, што можна. З выгляду — першакурсніцы.

 

Дзяўчаты яшчэ не ведаюць, ці будуць у Мінску ў дзень выбараў, 11 верасня, але ўжо галасуюць. Хаця па выбарчым заканадаўстве датэрмінова можна галасаваць, калі ў дзень выбараў ніяк не атрымліваецца.

"Сёння свабадней, не так шмат людзей", — адказвае наступная студэнтка, якая прыходзіць галасаваць. Яна таксама не можа патлумачыць, на што звяртала ўвагу, калі абірала дэпутата.

"Я абірала інтуітыўна, проста пачытала інфармацыю. Глядзела, дзе працуе, бо добра, каб такія пасады займалі людзі з досведам", — апісвае свой выбар студэнтка Таццяна. І гэта адзіны разгорнуты адказ з тлумачэннем выбару, які я чую на датэрміновым галасаванні.

"У мяне бязвыхадная сітуацыя, я еду за мяжу па вучобе, таму мне трэба прагаласаваць цягам тыдня, а сёння проста зручны дзень", — а так Таццяна тлумачыць свой датэрміновы выбар. І не падкапаешся.

На абодвух студэнцкіх участках для галасавання празрыстыя урны, кіраўнікі не перашкаджаюць рабіць фота і размаўляць з выбарцамі.

А ў БНТУ ў першы дзень датэрміновага галасавання ўтварыліся чэргі са студэнтаў.

Асноўны дзень галасавання ў Беларусі прызначаны на 11 верасня. Участкі адкрыюцца а восьмай раніцы.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі