На эканамічныя рэформы ва Украіне пусцяць грошы з рахункаў Януковіча?
З такой прапановай выступіў кіраўнік Міністэрства замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі.
Па яго словах, якія перадае censor.net.ua, адной з крыніц фінансавання эканамічных рэформаў ва Украіне могуць стаць грошы з замежных рахункаў Віктара Януковіча і яго атачэння.
Сікорскі пацвердзіў, што Польшча лічыць Януковіча ўжо былым прэзідэнтам. Па яго словах Януковіч зрабіў нешта нечуванае. Польскі міністр здзівіўся паводзінам украінскага кіраўніка, які фактычна збег з Кіева адразу пасля падпісання антыкрызіснага пагаднення.
Каментуючы эканамічную сітуацыю ў Украіне, Сікорскі падкрэсліў неабходнасць барацьбы з карупцыяй і рэформаў у краіне. Кіраўнік польскай дыпламатыі паведаміў, што яго краіна пераконвае дзяржавы Еўрасаюза перадаць на ўкраінскія рэформы грошы, якія захоўваюцца на заходніх рахунках.
Фота — crime.in.ua