На Гедымінавай гары ў Вільні знайшлі пярсцёнак паплечніка Каліноўскага
Паводле папярэдніх звестак, у Вільні знайшлі парэшткі аднаго з кіраўнікоў паўстання 1863-1864 гадоў Зыгмунта Серакоўскага. Пра гэта паведамляе Радыё "Свабода" са спасылкай на Міністэрства культуры Літвы.
Парэшткі знайшлі на гары Гедыміна археолагі Літоўскага нацыянальнага музея, якія вядуць там раскопкі.
Археолагі выявілі на месцы былой расійскай крэпасці ХІХ стагоддзя чатыры магілы з сямю пахаванымі целамі (у трох магілах былі пахаваныя па два целы). Большасць была пахаваная без належнай павагі, са звязанымі за спінай рукамі. Самі целы былі аблітыя вапнай.
У адной падвойнай магіле знайшлі кулю. Пры целах навукоўцы выявілі дэталі адзення (спражкі рамянёў, гузікі, некалькі дробных фрагментаў тканіны), а таксама асабістыя рэчы памерлых — рэлігійныя медальёны, крыжыкі.
Адзін з мёртвых быў закапаны ў асобнай яме. Пры ім знайшлі медалік, а на правай руцэ — залаты пярсьцёнак з надпісам з унутранага боку: "Zygmunt Apolonija 11 Sierpnia / 30 Lipca 1862 r.". Паплечнік Кастуся Каліноўскага Зыгмунт Серакоўскі быў жанаты з Апалоніяй Далеўскай (1841 — пасля 1915), сястрой Тытуса Далеўскага. Пасьля паўстання 1863—1864 гадоў жанчыну выслалі ў Ноўгарад. З 1867 яна жыла ў Варшаве, пакінула ўспаміны пра паўстанне.
Паводле звестак Мінкультуры Літвы, усе выяўленыя парэшткі належаць удзельнікам паўстаньня, усе яны былі пакараныя смерцю.
Серакоўскі быў адным з кіраўнікоў паўстання ў 1863-1864 гадоў. Ён сабраў вялікі атрад з пяці тысяч чалавек, але ў баі быў разбіты царскімі войскамі. Яго павесілі ў 1863 годзе ў Вільні на Лукішскім пляцы.