На Гомельшчыне вецер паваліў дрэвы на 13 аўтамабіляў
У нядзелю, 4 лютага, ратавальнікі Гомельскай вобласці некалькі разоў выязджалі на дапамогу людзям у сувязі з моцнымі снегападамі, паведамляе прэс-служба МНС.
Парывісты вецер (да 11 метраў за секунду) і снегапад прывялі на Гомельшчыне да падзення дрэваў. Былі зафіксаваныя 13 выпадкаў, калі дрэвы валіліся на легкавыя аўтамабілі. Пацярпелых, на шчасце, няма. Работнікі МНС ды іншых арганізацый распілоўвалі і прыбіралі паваленыя дрэвы.
У Светлагорскім і Веткаўскім раёнах Гомельшчыны падраздзяленні МНС дапамагалі дастаць са снежных заносаў два аўтобусы, у якіх знаходзіліся 40 чалавек.
Па звестках ДВА "Белэнэрга", агулам у Беларусі 4 лютага без электрычнасці заставаліся 322 населеныя пункты. Аварыйныя брыгады аператыўна выпраўлялі адключэнні электраэнергіі.
Па стане на 6-ю гадзіну раніцы 5 студзеня без электрычнасці застаюцца пяць населеных пунктаў і 68 трансфарматарных падстанцый у Гомельскай і Віцебскай абласцях.