На "Камунарцы" сказалі, чаму выпускаюць шакаладкі вагой па 85-90 грамаў

Шакалад, ілюстрацыйнае фота

Шакалад, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com

На кандытарскай фабрыцы "Камунарка" пачалі выпускаць шакаладкі вагой менш за 100 грамаў.

У каментары Telegraf.news спецыялісты кандытарскай фабрыкі заявілі, што шакаладныя пліткі вагой 85 і 90 грамаў вырабляюць выключне дзеля таго, "каб максімальна ахапіць патрэбы пакупнікоў з розным кашальком".

"Хтосьці хоча атрымаць свае сумленныя 100 грамаў, а хтосьці — купіць шакаладку танней. У нас ёсць запыт на 85 ці 90 грамаў. Напрыклад, той жа бабулі важней цана, чым колькасць, а на 100-грамоўкі мы яе панізіць не можам. Затое можам на шакаладкі меншай вагі", — тлумачыць начальнік упраўлення па якасці "Камунаркі" Ганна Козыр.

Кампаніі нярэдка замест павышэння коштаў зніжаюць фасоўку: прадаюць крупы не па 1 кг, а па 800-900 г, вадкія прадукты прадаюць у тары па 900 мл, а не па 1 л.

Аднак на "Камунарцы" заяўляюць, што іх ідэя не звязаная з маніпуляцыямі з цэнамі, а з папулярнасцю здаровага ладу жыцця і правільнага харчавання. Маўляў, ва ўсім свеце ёсць тэндэнцыя да памяншэння памеру прысмакаў. Таксама галоўны тэхнолаг прадпрыемства Ірына Мацугуд спасылаецца на рост цэн на какава-бабы, што павялічвае кошт кандытарскай прадукцыі. Вытворцы памяншаюць памеры плітак, каб пакупнікі маглі купіць сабе прысмакі нават пры падаражэнні.

У Беларусі, як вядома, дзейнічае адміністрацыйнае рэгуляванне коштаў. Ні вытворцы, ні гандаль не могуць падымаць кошты вышэй за вызначаную ўладамі столь без спецыяльнага дазволу.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі