На канале Gulagu.net з'явіліся новыя відэа з катаваннямі ў расійскіх турмах
Праваабарончы праект Gulagu.net на сваім канале ў YouTube апублікаваў новыя відэа катаванняў зняволеных. Паведамляецца, што гэтыя кадры былі зробленыя ў адной з пенітэнцыярных устаноў у Краснаярску.
Заснавальнік праекта Уладзімір Асечкін адзначае, што яны апублікавалі "лайтовую" версію, а больш жорсткія кадры не прапускаюць правілы YouTube.
На адным з сюжэтаў супрацоўнік Федэральнай службы выканання пакаранняў (ФСВП) у камеры размаўляе з двума вязнямі. Па словах Асечкіна, гэта яго агенты. Пасля сыходу супрацоўніка ў камеру заводзяць яшчэ аднаго вязня. Як сцвярджае Асечкін, супрацоўнік загадаў агентам збіць і зняважыць навічка. На відэа бачна, як яго пачынаюць біць і цягнуць у прыбіральню. Потым у камеры прыглушаюць святло і збіванага размяшчаюць паміж ложкаў, дзе не бачна, што з ім адбываецца.
Ёсць таксама сюжэт, дзе супрацоўнікі ФСВП збіваюць вязня, а таксама кадры ад 27 ліпеня 2020 года, на якіх бачна, як зняволены выпадае з акна.
Відэа з катаваннямі ў расіскіх турмах перадаў праваабаронцам беларускі праграміст Сяргей Савельеў, які сам адбываў тэрмін у Саратаўскай калоніі. На яго нават пачалі крымінальную справу за неправамерны доступ да інфармацыі, але потым спынілі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.