“На культуру не ўплываю. Адзін раз на дзень ем і люблю выпіць”

Еўрарадыё разам з Майстэрняй сацыяльнага кіно ў межах праекта “Культура пачынаецца з цябе” прайшлося па сталічных вуліцах Карла Маркса, Валадарскага і праспекце Незалежнасці. Вось што пра культуру распавядаюць шэсць першых мінакоў.

На культуру не ўплываю. Адзін раз на дзень ем, калі грошы ёсць. Люблю выпіць, — шчыра прызнаецца Канстанцін. — Я таксама ўмею размаўляць па-беларуску, але люблю рускую мову. З музыкі падабаецца Барбара Стрэйзанд. “Песняры” былі ў нас такія добрыя.

— А што наконт культуры піцця? Чым у гэтым плане вылучаюцца беларусы?

— Калі сябры сустракаюцца, то выпіваюць. Альбо на Новы год, альбо штодня. Мы любім беларускую гарэлку.

— І як яе піць, каб дажыць да Вашага веку? (Канстанціну 68 гадоў).

— Лепш не піць з самай раніцы, а пасля 16.00. 30 грамаў, каб страўнік запрацаваў. А больш і не трэба.

— Я сама і малюю, і граю на музычных інструментах для сваякоў і сяброў. Ствараю абстракцыі — тое, што існуе ў мяне ў галаве, — студэнтка-эканаміст Марыя аказалася рамантыкам. — Заўжды марыла навучацца ў мастацкай школе. Таксама граю на фартэпіяна і яшчэ спяваю. Час ад часу выступаю на імпрэзах у Ліцэі пры БДУ, дзе навучалася.

— Бываюць людзі, якія нават да банкнот ставяцца, як да сябровачак: у гаманцы складаюць акуратненька адна да адной. Ці стае ў грамадстве вось такой культуры.

— Гэта, хутчэй, тычыцца перфекцыянізму. Час ад часу на лекцыях я гляджу ў вочы майго профільнага выкладчыка. У яго позірк, як у паэта. Яму падабаецца яго справа.

— Паспрабуйце у “Купалаўскі” купіць квіток! Хоць “Паўлінка” ідзе столькі гадоў, а квіток усё адно набыць аказалася праблемай, — скардзіцца Ірына Аляксандраўна. — Значыцца, нешта яшчэ засталося, і людзі цікавяцца гэтым. Хоць, напэўна, ўзровень культуры трошкі ўпаў. Людзі займаюцца іншымі праблемамі, штохвіліннымі: апрануцца, паесці, дзяцей сабраць… Але ўсё ж такі ў тэатры ходзяць.

— Ці робіце нейкі ўнёсак у культуру Вы?

— Працую ў “Белсаюздруку”. Прадаю газеты на беларускай мове. Спрабуем прапаноўваць людзям паболей літаратуры, часопісаў. Але людзі мала чытаюць па-беларуску, хоць і жывуць у Мінску. З іншага боку, моладзь цяпер размаўляе на роднай часцей. Асабліва тыя, хто навучаецца ва ўніверсітэце.

— Я і мастачка, і дызайнер, і мадэльер. Займаюся жывапісам і жаночай вопраткай. Пакуль гэта мастацтва дзеля мастацтва, — вылоўліваем Галіну на выхадзе з хіпстарскай кавярні. — Я цяпер бяру ўдзел у дзіцячым тэатры Аляксандра Варламава. Называецца “Шафа”. І распрацоўваю дызайн маек з дзіцячымі малюнкамі. А наконт жывапісу — правал поўны. Мала чаго цікавага ў нас цяпер ёсць.

— Галоўнае — размаўляй па-беларуску. Гэта наша галоўная зброя. Мова — мацнейшая за грошы, — нечакана сустракаем спадара Алега Радзюка, вытворцу эксклюзіўнай беларускай байцоўскай экіпіроўкі.

— Як лічыце, зробленая Вамі амуніцыя паўплывала неяк на культуру адзінаборстваў, што развіваюцца ў Беларусі?

— Крыху, але паўплывала. Усё ж яна наша, не кітайская. А ўвогуле, кожны чалавек па-свойму можа ўплываць на нашу культуру. Нават калі жывеш на вёсцы, можаш гатаваць эксклюзіўныя прысмакі і даваць ім самабытныя назвы. Ці нават сваё прозвішча. Тое ж самае з вытворчасцю вопраткі ці экіпіроўкі. Кожны чалавек павінен верыць у свае сілы і рабіць менавіта сваё.

— Я з Лельчыц, працую начальнікам аддзела карпаратыўнага бізнесу ў банку, — спрабуе патлумачыць Таццяна, чаму яна не мае аніякага дачынення да культуры.

— І наколькі Вас задавальняюць кліенты у плане фінансавай культуры?

— У гэтым плане нашы людзі пакуль не зусім граматныя. Грошы трэба захоўваць у банку, каб яны працавалі. Але нашы людзі схіляюцца да таго, каб хаваць іх пад падушкай.

— У 2011-м многія так праляцелі, бо здарыўся абвал рубля.

— Бывае і такое. Але мы нясем у народ такую думку, што грматна, калі грошы знаходзяцца ў банку і працуюць. А там, чалавеку ўжо трэба трымаць нос па ветры.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі