На месцы будаўніцтва ў Брэсце знайшлі парэшткі каля 600 чалавек

На месцы будаўніцтва ў Брэсце знайшлі парэшткі каля 600 чалавек

На месцы будаўніцтва элітнага раёна ў цэнтры Брэста знойдзеныя парэшткі каля 600 чалавек. Такую лічбу назвала старшы інспектар аддзела культуры гарвыканкама Ала Кондак на сустрэчы з прадстаўнікамі габрэйскай абшчыны горада, перадае БЕЛТА.

Як паведамляла Еўрарадыё, масавае пахаванне часоў вайны знашлі ў студзені на рагу вуліцы Куйбышава і праспекта Машэрава. Будаўніцтва было прыпыненае, а на аб'ект прыбылі байцы 52-га асобнага спецыялізаванага пошукавага батальёна Міністэрства абароны.

У перыяд акупацыі ў гэтым раёне размяшчалася брэсцкае гета. Па словах Кондак, на працягу ўжо трох тыдняў штодня тут падымаюць парэшткі 40 чалавек. На цяперашні паднялі ўжо каля 600 парэшткаў. "Наколькі вядома, там размяшчаюцца дзве магілы. Першую зараз заканчваюць, затым спецыялісты пяройдуць да другой. У гэтым месцы чакаецца павелічэнне колькасці парэштак, прыкладна да 1 тысячы чалавек", — дадала яна. 

Дарэчы, асабістых рэчаў загінулых, абутку, манет знаходзяць няшмат. 

Спецыялісты будуць весці раскопкі, пакуль не падымуць на паверхню ўсе парэшткі, падкрэсліў старшыня гарвыканкама Аляксандр Рагачук. Пра гэта ён паведаміў на сустрэчы з прадстаўнікамі габрэйскай грамады горада. "Мы не дапусцім новага будаўніцтва на костках людзей. Нельга дапусціць спекуляванне на гэтай тэме, хоць спробы ёсць", — заявіў чыноўнік.

Па яго словах, усе парэшткі будуць паднятыя на паверхню і перапахаваныя згодна з традыцыямі і рэлігійным канонам. У брэсцкім гета, па розных звестках, было да 28 тысяч габрэяў. Каля 17 тысяч чалавек былі расстраляныя ў кастрычніку 1942 года каля чыгуначнай станцыі Бронная Гара ў Бярозаўскім раёне. Лёс астатніх вязняў невядомы. 

Больш важных навінаў у праграме "Петарда" 20.02:

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі