"На мяне тут ніхто не крычыць": сын Ганны Златкоўскай пайшоў у школу ў Вільні

Ганна Златкоўская з сям'ёй / архіў
Ганна Златкоўская з сям'ёй / архіў

Пісьменніца Ганна Златкоўская, у якой, дарэчы, нядаўна выйшла новая кніга "Паляванне на матылькоў", павяла сына Марка ў трэці клас. Як і ягоная мама, летась Марк быў вымушаны эміграваць у Вільню пасля папярэджання, што па Ганну могуць прыйсці. Баючыся крымінальнага пераследу, сям'я эмігравала.

Пакуль у Літве быў каранцін, хлопчык вучыўся дыстанцыйна ў школе, у якой у яго так і не атрымалася знайсці сяброў. Цяпер сям'я Златкоўскай пераехала ў новы раён, і школу давялося зноў памяняць.

У гутарцы з Еўрарадыё Ганна расказвае пра адаптацыю сына да жыцця ў новай краіне, а таксама пра тое, як прыемна здзівілася, сутыкнуўшыся з сістэмай адукацыі за мяжой.

 

Ганна Златкоўская: Пасля пераезду Марчыку было самотна. Усёй сям'ёй мы жылі ў вельмі маленькай кватэры, дзе не было дзе развярнуцца, і сам раён мне падаўся небяспечным, таму я баялася адпускаць яго аднаго гуляць. Потым ён пайшоў у мастацкую школу, але сяброў там не знайшоў, яго нават крыўдзілі. Мы шмат размаўлялі на тэму, як сябе абараняць.

Праз нейкі час пачалі размаўляць з прыезджымі беларусамі, у якіх таксама дзеці. У сына нарэшце з'явілася кампанія — ён страшэнна ўзрадаваўся. У яго ўзросце зносіны маюць вельмі вялікае значэнне, усё астатняе — не так важна. Без іх, вядома, першы час было цяжкавата.

У час каранціну Марк вучыўся дома па планшэце. Такая вучоба досыць своеасаблівая. Палова ведаў вылецела ў трубу. Дзеці на дыстанцыйцы на самай справе не вучацца. Калі ты за імі не сочыш, яны ціха ўключаюць сабе ютуб паралельна і глядзяць яго. [Смяецца.]

Што да пераезду, то на фоне палітычнай гісторыі ў Беларусі нашы дзеці пачынаюць хутка сталець — становяцца вельмі разумненькімі. Дзякуй богу, яны будуць лепшымі, чым я і многія іншыя людзі, якія прачнуліся свядомымі толькі цяпер.

Марк разумеў, што мяне могуць забраць і пасадзіць, могуць пасадзіць і тату, — вось нафіга яму гэтыя перажыванні? Таму ён заўсёды для сябе вырашаў гэты рэбус вельмі проста: тут мы разам і ў бяспецы — вось гэта самае галоўнае.

“На меня здесь никто не кричит”: сын Анны Златковской пошёл в школу в Вильнюсе
Марк / архіў

Еўрарадыё: А раскажы падрабязней, што за школа была, у якой ён вучыўся адразу пасля пераезду?

Ганна Златкоўская: Ну, нейкі час мы наогул не вучыліся. Спачатку сядзелі ў ізаляцыі, потым шукалі, дзе жыць, далей я ўзяла сябе ў рукі і запісала яго ў школу, якая знаходзіцца побач з домам, дзе тады жылі.

Гэта была школа "Саўлетыка" з мастацкім ухілам. Узялі яго вельмі хутка, пайшлі насустрач. Марк трохі пахадзіў на заняткі, потым дзяцей пасадзілі на каранцін, і дзесьці ў траўні ён зноў выйшаў на ўрокі: пазаймаліся, і ўсё.

 

Еўрарадыё: З якімі цяжкасцямі сутыкаюцца бацькі і дзеці, якія аказваюцца ў такой сітуацыі, як ваша?

Ганна Златкоўская: Ні з якімі цяжкасцямі ў літоўскіх рускіх школах ты не сутыкаешся, таму што навучанне праводзіцца на рускай мове. Дадаткова школьнікі вывучаюць і літоўскую мову, што добра, таму што, раз ты жывеш у гэтай краіне, павінен яе ведаць. Маё дзіця, вядома, супраціўляецца гэтаму, але разумее, што трэба.

Настаўнікі ў папярэдняй школе Марка — прыемныя і пазітыўныя людзі, якія добра да нас ставіліся. Я бачыла, што за дзіця турбуюцца.

Напрыклад, калі ўзнікалі нейкія пытанні, можна было напісаць настаўніцы, якая адказвала і а пятай, і а шостай вечара. Пры гэтым адказвала так карэктна і па справе, што я проста дзівілася: няўжо такое бывае?

Быў яшчэ выпадак: пасля пераезду не змагла знайсці спецыяльных сшыткаў для Марка, у сярэдзіне навучальнага года іх ужо не прадавалі. Настаўніца рабіла мне раздрукоўкі. Падручнікі Марку выдалі. Здавалася б, нейкія дробныя рэчы, а ты ўспрымаеш іх як цуд.

 

Еўрарадыё: Чым адрознівалася першая школа ў Вільні ад той, дзе Марк вучыўся ў Мінску?

Ганна Златкоўская: Я магу параўноўваць на ўзроўні асабістага маральнага ўспрымання. У літоўскіх школах, як мне здалося, праграма крыху складанейшая, чым у беларускіх. Магчыма, хтосьці гэта зняпраўдзіць.

Уражвае ў першую чаргу стаўленне да дзяцей. Марк ужо праз тыдзень, як пайшоў у новую школу, сказаў: "Я не хачу вяртацца ў Беларусь". Пытаюся: "Чаму?" Адказвае: "Я не хачу вяртацца ў сваю школу". Зноў пытаюся: "Чаму?" Кажа: "На мяне тут ніхто не крычыць". Вось гэтая маленькая дзіцячая рэмарка, мне здаецца, гаворыць пра ўсё.

А я ўспамінаю беларускую школу. Выхавальніца з прадоўжанкі — дама савецкай загартоўкі з вельмі гучным голасам, якая казала, што яе вучылі выступаць са сцэны, таму яна не гаворыць, а раве.

Акрамя гэтага беспадстаўнага рову, яна заўсёды з дзецьмі абыходзілася так, як ёй зручна. Вось яна лянуецца ісці з дзецьмі гуляць, яна зачэпіцца за якую-небудзь маленькую правіннасць дзяцей і не пойдзе. І дзеці проста сядзяць у душным кабінеце, нават без цацак, займаюцца нейкім глупствам.

Я была адзінай мамай, якая спрабавала гэта апратэставаць. Мы размаўлялі, я ёй тлумачыла, што яна не мае права прымушаць дзяцей сядзець у кабінеце ў цёплае надвор'е. Што б яны ні зрабілі, яны абавязаныя выходзіць на прагулку. Але, як заўсёды, мне больш за ўсіх усё трэба.

У Вільні настаўнікі паводзяць сябе максімальна ветліва: норма, а ўспрымаецца як цуд. Ты тут расслабляешся. На мой погляд, у школе самае важнае — гэта пераставаць з ёй ваяваць, з гэтай сістэмай. Ты проста аддаеш дзіця вучыцца і кайфаваць.

 

Еўрарадыё: Калі вы пераехалі ў іншую кватэру, школу зноў давялося памяняць. Як шукалі школу, які новы досвед ты атрымала?

Ганна Златкоўская: Побач з нашым домам ёсць дзве школы, але месцаў там, калі мы прыйшлі, ужо не засталося. Наогул, тут вельмі цяжка з месцамі ў школах. Многія скардзяцца, і я нават не ведаю, хто, куды і як трапляе. Некаторыя вядуць дзяцей у беларускамоўную гімназію, але яна ад нас далёка. Паколькі машыны няма, асабліва не наездзішся.

Нам параілі дзяўчыну з групы дапамогі рэлакантам (The Official Development Agency of the City of Vilnius), якая ёсць інфармацыйным кансультантам з віленскага агенцтва развіцця. Яна зайшла на сайт svietimas.vilnius.lt і сказала, у якіх школах бліжэй да нас ёсць месцы.

Запоўніць заяўку на сайце дапамаглі спецыялісты з гарадскога самакіравання Вільні, бо мы самі не змаглі гэта зрабіць, таму што ў нас няма асабістага кода, з дапамогай якога ў Літве ёсць доступ да інфармацыі кожнага асобнага грамадзяніна (пашпарт, штрафы, картка і да т. п.).

Мы напісалі ім ліст з просьбай размясціць заяўку. Адначасова можна размяшчаць заяўку ў тры навучальныя ўстановы. Праз колькі часу нам прыйшоў на пошту адказ, што ў адной са школ у раёне Антакальніс ёсць вольныя месцы, і прапанавалі заключыць дамову.

Мы патэлефанавалі ў школу, і сакратарка з анёльскім голасам расказала, што, паколькі мы не грамадзяне Літвы, давядзецца запоўніць дамову ў папяровым выглядзе. Але прыязджаць неабавязкова. Дамову выслалі на пошту, мы яе раздрукавалі, запоўнілі і адправілі назад фатаграфію дамовы. І ўсё, Марк быў залічаны.

На заняткі сына ўсё ж такі даводзіцца вазіць, але чакаць і спадзявацца, што з'явіцца месца ў школе побач з нашым домам, мы ўжо не сталі. Тым больш мае знаёмыя расказвалі, што ў гэтай школе дрэнна ставяцца да дзяцей-эмігрантаў. Некаторых дзяцей нават забіралі, таму што не вытрымлівалі гэтага, то-бок бываюць і такія сітуацыі.

А Марк ужо пайшоў у трэці клас. На другі дзень пасля лінейкі дзяцей павезлі ў Трокі. Пікнік у замку, уяўляеце? Нам сказалі, што паездка каштуе 15 еўра. Вядома, я заплаціла. На працягу дня настаўніца дасылала бацькам фатаграфіі і расказвала, як яны здорава праводзяць час.

Дарэчы, важны момант: у школе ёсць абавязковае правіла — даваць дазвол на фатаграфаванне твайго дзіцяці. З бацькамі заключаюць дамову аб тым, што яны згодныя, каб дзяцей фатаграфавалі і выстаўлялі іх на сайце школы, у розныя чаты і гэтак далей. Ад гэтага можна адмовіцца, тады настаўнікі будуць выконваць гэты закон.

Таксама настаўніца з мінулай школы казала, што ніхто не мае права выдаваць звесткі настаўнікаў і вучняў. У іх гэта правіла вельмі дакладна выконваецца. Я разумею, што гэта вельмі здорава: настаўнікі захоўваюць свае межы, таксама захоўваюцца межы твайго дзіцяці. Цікава, важна і крута.

Яшчэ толькі што даведалася з бацькоўскага чата, што вучні, у якіх ёсць ПМЖ або ВНЖ у Літве, атрымліваюць тут дапамогу.  

 

Еўрарадыё: Раскажы пра ваш першы дзень, што цябе кранула?

Ганна Златкоўская: Мне падабаецца, што ў новай школе дзецям падносяць правільныя рэчы. На лінейцы гаварылі пра каштоўнасці. Напрыклад, да дзяцей выйшаў ксёндз і сказаў: "Ну навучыцеся вы лічыць і пісаць, але самае галоўнае — адрозніваць дабро ад зла". Уяўляеце? Няма тут гэтага духоўна-патрыятычнага і ваеннага рабалепства. Затое ёсць: "Вырасціце, калі ласка, дарослымі, шчаслівымі і разумненькімі".

Яшчэ на лінейцы выступала жанчына, якая казала, як мы рады новаму навучальнаму году. Пасля сваёй прамовы яна зрабіла падарунак усім — паход у кіно. Вось гэта ўсё і кранае. Ты адразу разумееш, што з дзяцей не хочуць вырасціць робатаў, але хочуць, каб дзецям было весела.

Напярэдадні першага навучальнага дня нам патэлефанавала настаўніца і сказала: "Я вас вельмі прашу, не настройвайце дзяцей на негатыў. Хай прыходзяць з усмешкамі. Проста пазнаёмімся і пагутарым. Не трэба гаварыць нават пра вучобу, будзем уваходзіць у новы год плаўна, каб гэта для іх не было стрэсам, каб усё было добра". Думаю, ну клас. Я пра гэта марыла. Гэта маё ўяўленне пра вучобу.

На першым уроку класная тлумачыла, што хоча навучыць дзяцей не проста пісаць і лічыць, а менавіта думаць.

Мы стаім з мужам, і ў нас торгаюцца вочы. Побач стаяць яшчэ беларусы — мы ўсе пераглядаемся. Дзівосны новы свет, у якім ёсць каштоўнасці, паняцці і павага да дзяцей. Магчыма, у мяне будуць і іншыя ўражанні, але пра гэта мне толькі трэба будзе даведацца. Абяцаю расказваць, што ды як, каб наш досвед усім спатрэбіўся.

 

Еўрарадыё: Уяві, што раптоўна ў Беларусі змяняецца ўлада — людзі, якія з'ехалі, пачынаюць вяртацца дадому. Параўноўваючы стаўленне настаўнікаў да дзяцей у школах Мінска і Вільні, ты б дала дзіцяці атрымаць еўрапейскую адукацыю ці вярнулася б тут жа, як толькі з'явіцца магчымасць?

Ганна Златкоўская: Я думаю, што, па-першае, усё залежыць ад магчымасці тут жыць, таму што гэта нятаннае задавальненне. Калі мы з мужам будзем працаваць, я б хацела, каб Марк атрымаў еўрапейскую адукацыю. Вядома, у Беларусі ёсць некалькі выдатных школ, якімі задаволеныя і бацькі, і дзеці. Але яны не гумовыя.

Напэўна, раз ужо жыццё мяне выкінула сюды, то я цяпер думаю не пра сябе, а пра дзіця. Я б хацела, каб у майго сына ўсё было добра. Як складзецца — пакуль не загадваю. Пасля таго як я за 12 гадзін з'ехала з краіны, зразумела, што больш наогул нічога загадваць не буду. Хай ідзе, як ідзе. Але я хачу, каб заўтра рэжым паў і ў мяне з'явілася б такая дылема. Гэта самае цудоўнае, што можа здарыцца ў жыцці.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі