На мяжы Беларусі і Расіі з'явіліся санітарна-каранцінныя пункты
На мяжы Беларусі і Расіі з'явіліся санітарна-каранцінныя пункты, паведамляе БЕЛТА і змяшчае з месца падзеі фотарэпартаж. Беларускі бок арганізаваў іх на тэрыторыі чатырох раёнаў Віцебскай вобласці — Расонскага, Гарадоцкага, Дубровенскага і Лёзненскага. Транспарт, які заязджае ў нашу краіну, кантралююць супрацоўнікі ДАІ, транспартнай інспекцыі і санітарна-эпідэміялагічнай службы. Новаўвядзенне мусіць дапамагчы выключыць завоз у Беларусь каранавіруснай інфекцыі COVID-19, а значыць знізіць яе распаўсюд. Бескантактавым тэрмометрам кіроўцам вымяраюць тэмпературу.
Грузавікі, якія едуць транзітам праз нашу краіну, рэгіструюцца. Яны маюць толькі суткі, каб пакінуць тэрыторыю нашай краіны. Месцы для іх спынення былі вызначаны раней, а за парушэнне прадугледжана адміністрацыйная адказнасць. Калі ж грузавік ці легкавік вяртаецца з-за мяжы і яго кіроўца-беларус вырашыў застацца дома, то ён запаўняе спецыяльную анкету. Ён павінен на 14 дзён самаізалявацца. Анкету дасылаюць у тэратарыяльны цэнтр гігіены і эпідэміялогіі па месцы жыхарства кіроўцы, і за ім будуць назіраць.
У Беларусі зарэгістраваны амаль дзве тысячы выпадкаў каранавіруса (у бальніцах знаходзяцца 1793 чалавекі), памерлі 19 чалавек.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.