На нарадзе з урадам Лукашэнка згадаў пра залежнасць "ад брацкай краіны"
4 верасня Аляксандр Лукашэнка праводзіць нараду, прысвечаную актуальным пытанням развіцця беларускай эканомікі. Галоўнымі пытаннямі на ёй сталі дыверсіфікацыя экспарту, пытанні развіцця супрацоўніцтва з Расіяй і планы эканамічнага развіцця, найперш на будучы год. Лукашэнка нагадаў, што ў 2019 годзе пройдуць парламенцкія выбары, а ў 2020-м — прэзідэнцкія. "Таму паўсюль мы павінны падцягнуцца як след", — сказаў кіраўнік дзяржавы.
У такім важным пытанні, як дыверсіфікацыя экспарту, ідзе вельмі марудны рух, і Аляксандр Лукашэнка заклікаў урад да актывізацыі, да пошуку новых рынкаў для айчыннай прадукцыі.
"Ніхто не хавае, што Расія — гэта асноўны рынак рэалізацыі нашай прадукцыі, — цытуе словы Лукашэнкі яго прэс-служба. — Залежнасць вельмі вялікая, хай нават ад брацкай краіны. Залежнасць нашай краіны ад паставак, перш за ўсё вуглевадароднай сыравіны, вельмі вялікая".
Таксама на нарадзе будзе ісці гаворка пра праект праграмы дзеянняў па інтэграцыі з Расіяй, які напярэдадні атрымаў з ураду Аляксандр Лукашэнка.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.