На памятным знаку Максіму Багдановічу каля Магілёва памянялі шыльду

На памятным знаку Максіму Багдановічу каля Магілёва памянялі шыльду

У пасёлку Малая Бароўка пад Магілёвам на памятным знаку ў гонар Максіма Багдановіча з'явілася новая шыльда. Раней на шыльдзе быў герб "Пагоня", цяпер там выгравіраваны партрэт паэта, перадае Радыё "Свабода". Памянялі на шыльдзе і фрагмент верша. Ранейшы ўрывак з "Пагоні" памянялі на фрагмент санета "Паміж пяскоў Егіпецкай зямлі".

Грошы на памятны знак да 125-годдзя паэта сабралі жыхары пасёлка Малая Бароўка. Знак паставілі на вуліцы імя Максіма Багдановіча. 

У каментары "Свабодзе" адзін з ініцыятараў з'яўлення памятнага знака Уладзімір Пухоўскі заявіў, што шыльду памянялі, бо былі заўвагі ад мясцовых жыхароў. Па яго словах, людзі хацелі, каб на на шыльдзе з'явіўся партрэт Максіма Багдановіча: ні да верша, ні да герба "Пагоня" прэтэнзіяў не было. З гэтай нагоды і было вырашана перарабіць шыльду. 

Памятны знак адкрылі 26 траўня. Каля яго чыталі вершы Багдановіча, якія распавядалі пра трагічны лёс беларускага паэта-генія. Жыхары пасёлка спадзяюцца, што з усталяваннем памятнага знака ім адрамантуюць дарогі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі