На перамовах у Брэсце на пачатку вайны дэлегацыю Украіны ахоўваў польскі спецназ
Польскія спецназаўцы / East News, ілюстрацыйнае фота
Байцы польскага спецназу ахоўвалі ўкраінскую дэлегацыю на перамовах з Расіяй у беларускім Брэсце ў лютым і сакавіку 2022 года, піша Dziennik Gazeta Prawna. Польскі спецназ ахоўваў таксама і расійскага алігарха Рамана Абрамовіча, які выступаў пасярэднікам ва ўкраінска-расійскіх перамовах у першыя тыдні поўнамаштабнай вайны.
Украінская дэлегацыя на чале з міністрам абароны Аляксеем Рэзнікавым прыбыла ў Беларусь на верталёце S-70i Black Hawk. Ахоўвалі яе аператары вайсковай часці "Камандас" з Люблінца. Гэты спецназ супрацоўнічаў з украінскімі калегамі яшчэ задоўга да поўнамаштабнай вайны.
Таксама з польскага боку палёт украінскай дэлегацыі ў Брэст курыравалі тагачасны кіраўнік канцылярыі прэм'ер-міністра Міхал Дворчык і намеснік міністра замежных спраў Марцін Пшыдач.
"На пачатку сакавіка не было зразумела, ці могуць украінцы, якія ляцелі на перамовы ў Беларусь, быць упэўненыя ў сваім вяртанні. Польская служба бяспекі дала пэўныя гарантыі, што яны вернуцца цэлымі", — расказаў журналістам адзін з удзельнікаў тых падзей на ўмовах ананімнасці.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.