На пратэстах у нядзелю затрымалі больш за 420 чалавек – праваабаронцы
Затрыманне ўдзельніка пратэстнай акцыі / Белсат
Больш за 420 чалавек былі затрыманыя ў нядзелю падчас Марша суседзяў у Мінску і іншых рэгіёнах краіны, паведамляюць праваабаронцы.
Вядома, у прыватнасці, аб затрыманні актрысы Алены Гіранок, якая выканала адну з галоўных роляў у фільме "Купала". Яе затрымалі ў гандлёвым цэнтры Dana Moll і затым адвезлі ў Першамайскае РУУС. Раней яе ўжо затрымлівалі — падчас Марша 26 кастрычніка, тады акторку ноч пратрымалі ў міліцыі.
Сярод затрыманых ёсць таксама медыкі і журналісты. У Брэсце пратаколы за ўдзел у масавым мерапрыемстве былі складзеныя на журналіста "Брэсцкай газеты" і TUT.BY Станіслава Коршунава і кіраўніка брэсцкага філіяла Беларускай асацыяцыі журналістаў Максіма Хлебца. Іх машыну спыняў аўтамабіль ДАІ з мігцелкай. Рэпарцёраў адвезлі ў РУУС, склалі на іх пратаколы і адпусцілі. У спісах затрыманых таксама журналістка выдання "Новы час" Яна Трусіла. Па дадзеных праваабаронцаў, яна знаходзіцца ў ЦІП на Акрэсціна.
Некаторым з затрыманых у нядзелю на Маршы суседзяў спатрэбілася дапамога медыкаў. Каля 10 чалавек , па дадзеных праваабаронцаў, з РУУС забралі медыкі — пераважна ў Бальніцу хуткай медыцынскай дапамогі і абласную клінічную бальніцу, Аднаго адвезлі ў РНПЦ траўматалогіі, яшчэ аднаго — у вайсковы шпіталь.
Між тым, па дадзеных сталічнага ГУУС, "за парушэнне заканадаўства аб масавых мерапрыемствах 29 лістапада ў Менску затрыманыя каля 250 грамадзян", паведамляе БЕЛТА.
У Беларусі 29 лістапада прайшоў Марш суседзяў. Яго ўдзельнікі не збіраліся ў адну калону, а, як і тыдзень таму, выйшлі шпацыраваць у свае двары і раёны. Такія акцыі прайшлі ў Мінску, а таксама Брэсце, Гродна, Гомелі, Смалявічах, Заслаўі, Фаніпалі, Лагойску, Бараўлянах, Ляхавічах.
Калі міліцыя разганяла раённую калону, праз час людзі збіраліся зноў. У некаторых раёнах сілавікі падчас разгону ўжывалі слезацечны газ.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.