На сацыяльную падтрымку пайшло ў тры разы больш грошай, чым планавалася

На працягу года людзі па дапамогу прыходзілі нашмат часцей, чым думалі ўлады.
Роўна год таму ў Беларусі адмянілі льготы. 17 снежня 2007 года набыў моц закон “Аб дзяржаўных сацыяльных ільготах, правах і гарантыях для асобных катэгорыяў грамадзян”. У народзе яму хутка далі зразумелую назву - “Адмена льгот”.

Разам з адменай ільготаў людзям пачалі выплачваць матэрыяльную дапамогу. Паводле слоў начальніка упраўлення па працы і сацыяльнай абароны Клецкага райвыканкама Васіля Сёмухі, грошай, якія далі першапачаткова, на год не хапіла. Давялося прасіць яшчэ.

Дадатковую дапамогу ўжо цалкам скарысталі. І нават грошы яшчэ засталіся – тысяч 30.

Васіль Сёмуха: “Адрасную сацыяльную дапамогу атрымалі ўсе жадаючыя, хто меў на гэта права. Літаральна на днях атрымалі дапамогу апошнія два чалавекі, якія па яе звярталіся. У нас засталося яшчэ тысяч 30 ці 50... Усяго за год мы выкарысталі прыкладна 235 мільёнаў”.

Запланаванай спачатку сумы не хапіла таксама і ў Пухавічах. Там на матэрыяльную падтрымку пайшло ў два разы больш грошай, чым планавалася, - расказаў Еўрарадыё начальнік аддзела матэрыяльна-бытавога забеспячэння пенсіянераў і інвалідаў Пухавіцкага райвыканкама Сяргей Яромін:

“Спачатку нам далі прыкладна 120 мільёнаў. Планавалася, што гэтай сумы хопіць на год. Але ўрэшце скончылася гэта тым, што мы атрымалі 402 мільёны з нечым...”.

Спадар Яромін адзначыў, што такая сітуацыя назіраецца па ўсёй краіне. Людзі па дапамогу прыходзілі нашмат часцей, чым думалі ўлады. Таму і на грашовую падтрымку выкарысталі амаль у тры разы больш.

Сяргей Яромін: “У мінулым годзе па краіне на сацыяльную грашовую падтрымку было выдаткавана 5 мільярдаў рублёў. А згодна з апошняй афіцыйнай інфармацыяй сёлета было выкарыстана 48 мільярдаў рублёў. Хаця планавалася павялічыць фінансаванне ўсяго ў 3,6 разы. Людзі звярталіся часцей, чым раней. Таму ў тыя паказчыкі, якія планаваліся першапачаткова, мы не ўпісаліся. Але фінансаванне павялічылі, і гэтыя грошы мы атрымалі”.

Зазначым, што на працягу года некаторым жыхарам Беларусі льготы вярнулі. Дзякуючы міжурадаваму пагадненню, якое яшчэ ў 1993 годзе ў Маскве падпісаў прэм'ер Вячаслаў Кебіч, ветэраны і афганцы ізноў атрымалі права ездзіць бясплатна на гарадскім, прыгарадным і нават чыгуначным транспарце.

Праз некаторы час часткова вярнулі льготы “чарнобыльцам”. А пенсіянерам часова дазволілі карыстацца льготамі на прыгарадны праезд, каб яны мелі магчымасць часцей ездзіць на дачы летам.

Працягнулі сабе дзеянне льготаў і некаторыя міліцыянты. Пасля адмены льготаў яны працягвалі ездзіць бясплатна ў грамадскім транспарце, бо кандуктары папросту баяліся іх штрафаваць.

А вось сталічны транспарт на адмене льготаў няслаба зарабіў. Як паведамляла раней Еўрарадыё, за 10 месяцаў гэтага года “Мінсктранс” прадаў праязных квіткоў амаль на 53 мільярды рублёў больш чым летась.

Усяго сталічны транспарт зарабіў на продажы талонаў і праязных 198 мільярдаў рублёў, паведаміла начальнік фінансава-эканамічнага ўпраўлення “Мінсктрансу” Ганна Міхайлоўская:

“У нас павялічыліся даходы да ўзроўню мінулага года на гарадскіх перавозках на 36% або на 52,8 мільярда рублёў. Гэта аўтобус, тралейбус, трамвай, метро. Тут адыграла ролю і адмена льгот, і ўзмацненне кантролю за аплатай. За кошт узмацнення кантролю даходы выраслі прыкладна на 6,5 мільярдаў”.

Атрымліваецца, што дзякуючы адмене льгот "Мінсктранс" зарабіў больш за 46 мільярдаў рублёў, або больш за 21 мільён долараў.

Тэарэтычна на адмене льготаў таксама зарабілі камунальшчыкі і аптэкі: былі адмененыя шматлікія зніжкі на лекі. А жыроўкі пенсіянерам пералічвалі яшчэ доўгі час пасля адмены льготаў.


Фота: photoclub.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі