На Шосты з'езд беларусаў свету не прыедуць "ветэраны беларушчыны"
Ён пройдзе ў Мінску 23-24 ліпеня.
Большасць прадстаўнікоў старэйшага пакалення не зможа наведаць з'езд з прычыны ўзросту. Не прыедзе, напрыклад, такая вядомая асоба, як Янка Запруднік. Старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла нават не звярталася па беларускую візу — яна не хоча наведваць Беларусь пры цяперашнім кіраўніцтве.
Пра гэта ў гутарцы з Еўрарадыё распавяла старшыня рады Згуртавання беларусаў свету "Бацькаўшчына" Ніна Шыдлоўская.
Шыдлоўская: "З тых, хто вядомы большасці, гэта Алег Рудакоў, Іна Снарская. Будзе Мікола Пачкаеў — цяперашні кіраўнік згуртавання беларусаў Вялікабрытаніі. БІНіМ, БАЗ і беларусаў Амерыкі прадставіць Алеся Кіпель. У гэтым годзе ў нас будзе грузінская суполка, чаго не было на мінулым з'ездзе. Будзе Вячка Целеш — таксама вельмі вядомая асоба".
Агулам на з'езд чакаюцца каля 200 дэлегатаў з замежжа і каля 140 з Беларусі.
Фота Ніны Шыдлоўскай — budzma.org