На стадыёне “Дынама” захаваюць рынак і асвятляльныя мачты (фота праекта)

Як даведалася Еўрарадыё, Мінскпраект вызначыўся, як будзе выглядаць стадыён “Дынама”. Макет ужо паказалі Аляксандру Лукашэнку.

Будучы выгляд арэны здзівіў некаторымі элементамі. Напрыклад, у новым праекце засталіся асвятляльныя мачты, якія раней збіраліся спілаваць.

“Абсталяванне будзе іншае, вышыня будзе іншая, а аснова будзе старая”, — канстатуе Елізавета Магава, кіраўнік праекта рэканструкцыі стадыёна.

“Каб пакінуць гэту гістарычную каштоўнасць, давялося прыкласці намаганні. На гэтыя мачты могуць павесіць любыя асвятляльныя сістэмы, якія будуць выконваць належную функцыю, — кажа пра захаванне старых элементаў Алег Курчэўскі, дырэктар стадыёна “Дынама”. — Контуры арэны будуць рэстаўраваныя, але застануцца ў тым жа выглядзе. Гэта ж гісторыка-культурная каштоўнасць!”

Брыля ў новым праекце няма. Але захаваюць трэніровачнае футбольнае поле дзіцячай спартыўнай школы, на якім яшчэ Аляксандр Глеб “збіваў каленкі”. Тут пакладуць газон і гуму. Пакінуць на старым месцы і тэнісныя корты.

“А ці захаваецца на “Дынама” знакаміты рынак?” — пытаемся ў дырэктара.

Алег Курчэўскі: “Так. Стадыён будзе шматфункцыянальным. Ён павінен працаваць і прыносіць прыбытак. Тут можна будзе праводзіць спаборніцтвы і па лёгкай атлетыцы, і па футболе. Будзе і канцэртная дзейнасць. Мяркую, што гандаль застанецца асноўнай крыніцай даходу, якая будзе карміць стадыён. Бюджэтнага фінансавання ў нас няма, таму гандаль — гэта неабходнасць. Кропкі будуць знаходзіцца ва ўнутраных памяшканнях. Некаторыя, магчыма, звонку. Жыццё само нам падкажа”.

Заяўлены макет стадыёна — гэта толькі карцінка. У цяперашні момант ствараецца бізнес-план рэканструкцыі, тэрміны якой значна пасунулі. Абнавіць “Дынама” цяпер плануюць да 2017 года.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі