На турэцкім курорце афіцыянт зарэзаў турыста з Брэста
Віктар Галадко з жонкай Юліяй. Фота са старонкі "Вконтакте".
Увечары ў суботу, 23 верасня, у турэцкім горадзе Турунч непадалёк ад буйнога курорта Мармарыс загінуў турыст з Беларусі. Турэцкі партал Hurriyet.com.fr паведамляе, што 28-гадовы Віктар Галадко з Брэста памёр пасля таго, як 17-гадовы служачы гатэля некалькі разоў ударыў яго нажом.
Віктар разам з жонкай і сынам паляцелі ў Турцыю 19 верасня. У той жа дзень сям'я засялілася ў трохзоркавы гатэль "Каліпса" у Турунчы. Беларусы збіраліся адпачываць там тыдзень.
Адпачынак праходзіў выдатна — жонка Віктара Галадко Юлія апублікавала пра яго нямала фота ў сацсетках. Але ўвечары 23 верасня ў Віктара здарыўся канфлікт з афіцыянтам. Беларус хацеў выпіць, а афіцыянт казаў, што бар зачынены.
Ніхто не хацеў саступаць, і, слова за слова, спрэчка перарасла ў бойку. У пэўны момант афіцыянт схапіў нож для нарэзкі хлеба і двойчы ўдарыў ім беларуса.
Раненні прыйшліся ў вобласць печані. Персанал гатэля неадкладна выклікаў карэту хуткай дапамогі. Але Віктар памёр яшчэ да таго, як медыкі прыбылі на месца здарэння.
Афіцыянт затрыманы. Паліцыя працягвае расследаванне.