На Валадарскага — ямы і калдобіны, але рамантуюць праспект Незалежнасці

Чарговы дзень складана ездзіць па мінскім праспекце Незалежнасці: ад Свярдлова да Леніна перакрыты рух на дзвюх палосах, ідзе рамонт. Даследуем яшчэ не адрамантаваную частку: ямінаў няма, заўважныя толькі каляіны ад колаў аўтобуса. Чаму ж тады рамантуюць?..

“Не ўсё там добра было, ужо тэрміны выйшлі. Каляіны…”, — тлумачаць рамонтнікі.

Абяцаюць, што новы асфальт якасны…

“Гэты асфальт павышанай устойлівасці. Прастаіць 10 гадоў мінімум”, — абяцаюць ва Упраўленні дарожна-маставога будаўніцтва і добраўпарадкавання Мінгарвыканкама, якое займаецца рамонтам дарогі.

Апошні раз галоўны праспект у сталіцы рамантавалі, калі горадам кіраваў Уладзімір Ярмошын, прыгадваюць у Мінскінжпраекце, які займаецца праектаваннем інжынерных камунікацый, у тым ліку, дарог.

“Гэта было ў 2000-2001 годзе, калі праспект рамантавалі. Там тэрмін ужо выйшаў даўно. Рамонт дарог выконваецца раз на 8-10 гадоў. Але тады яго добра зрабілі", — тлумачаць Еўрарадыё ў Мінскінжпраекце.

Але ў "Мінсктрансе" склалі цэлы спіс вуліц, якім патрэбны рамонт! І праспект Незалежнасці там далёка не на першым месцы.

“Ёсць больш сур’ёзныя ўчасткі. Мы склалі спіс, там атрымалася чатыры старонкі, на некаторых вуліцах па некалькі месцаў. Але гэтыя вуліцы, у асноўным, на ўскраіне”.

Параўноўваем стан яшчэ неадрамантаванага праспекта з вуліцай Валадарскага, якая перакрыжоўваецца з Незалежнасці. На праспекце заўважныя толькі каляіны. А вось на Валадарскага поўны камплект: яміны, шчыліны праз кожныя некалькі метраў, напаўправаленыя каналізацыйныя люкі. І рамонту тут пакуль не бачна.

Асфальт на вуліцы Валадарскага

Да чэмпіянату свету па хакеі ўлады Мінска плануюць адрамантаваць каля дзясятка вуліц: праспект Пераможцаў і Незалежнасці, частку вуліцы Ціміразева, праспекта Дзяржынскага, вуліцы Маякоўскую, Ташкенцкую, Кабушкіна, Алібегава і Ракасоўскага.

Яшчэ не адрамантаваны асфальт на праспекце Незалежнасці

На гэта пойдзе больш за 300 мільярдаў рублёў.

Нагадаем, у першы працоўны дзень рамонту праспекта Незалежнасці здарыўся транспартны калапс у цэнтры Мінска, заторы на вуліцах Валадарскага, Свярдлова ды многіх іншых.

Транспартны калапс у цэнтры Мінска (фота, відэа)

Фота-Еўрарадыё

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі