На Віцебшчыне кавуны яшчэ не даспелі, у Кобрынскім раёне іх перасталі вырошчваць
А ў Аляксандра Лукашэнкі ўраджайнасць кавуноў да 60 тон з гектара!
Прэм’ер Беларусі Міхаіл Мясніковіч загадаў выдзеліць па 100 гектараў на вырошчванне кавуноў і дынь.
“Да 1 студзеня 2015 года ў кожнай вобласці павінна быць падабрана не менш за 100 гектараў зямельных участкаў для вырошчвання бахчавых культур (кавуны, дыні)”, — паведамляе прэс-служба ўраду.
Магчыма, прем'ера ўразіла, як Аляксандр Лукашэнка разам з сынам прыбіралі кавуны і дыні на тэрыторыі рэзідэнцыі ў “Драздах”.
Аляксандр Лукашэнка разам з сынам Мікалаем прыбіраюць ураджай кавуноў (фота: president.gov.by)
Ураджайнасць прэзідэнцкіх кавуноў — да 60 тон з гектара, падлічвае Мечыслаў Сцяпура загадчык аддзела Інстытута агародніцтва НАН Беларусі.
“Ураджайнасць можа быць 40-50 тон з гектара. Калі хочам атрымаць экалагічна чысты прадукт, то 15-20 з гектара. На палях рэзідэнцыі атрыманы добры ўраджай: 55-60 тон з гектара”.
Ураджайнасць дынь у Беларусі можа быць да 70 тон, дадае навуковец.
На віцебскім агароднінным сортавыпрабавальным участку летась вырасцілі амаль 700 цэнтнераў кавуноў з гектара! Але сёлета кавуны яшчэ не даспелі, як і дыні.
“Кавун у нас другі год. Сёлета яшчэ не даспелі. Той год было 695 цэнтнераў кавуноў з гектара. Але гэта не вытворчы пасеў”, — расказваюць Еўрарадыё на сортавыпрабавальным участку.
У Кобрынскім раёне ад кавуноў наогул адмовіліся, бо “асабліва не было збыту”.
“Яны прыжыліся, людзі цяпер росцяць. А мы перасталі, бо нас далучылі да іншай гаспадаркі. Да таго ж, асабліва не было рынку збыту. Мы вазілі на рынак, у Брэст, у Кобрын. Заключалі дамовы з крамамі. Але яны замаўлялі па 300-400 кілаграм. Яны траўміруюцца пры перавозцы. А каб на пэўную базу здаць, такога не было”, — апісваюць у “Навасёлкаўскім” збыт кавуноў.
І дадаюць, што айчынная кавуны каштавалі амаль удвая танней, чым прывезеныя з-за мяжы.
Найлепш кавуны вырошчваць на Поўдні Беларусі, на пясчаных глебах, дае парады Андрэй Бадзько, які абараніў кандыдацкую дысертацыю па вырошчванні гэтых ягад у Беларусі.
“На Поўначы не хапае тэмпературы. Там гэта больш затратна. Але сама культура вельмі рэнтабельная ў параўнанні з іншымі. У асобныя гады ад 100 да 200%. Бо непатрабавальная, асноўныя затраты на прыборку, бо гэта уручную і на расадны перыяд. Калі яшчэ 2-3 праполкі, то гэта ўсё затраты”, — тлумачыць навуковец.
Летась у Беларусь завезлі 15,3 тысячы тон кавуноў, паведамляе Белстат. Калі гэтай культурай засеяць па 100 гектараў у кожнай вобласці, а ўраджайнасць будзе як у кіраўніка краіны, то вырасце 36 тысяч тон. Можна нават экспартаваць!
Фота 1: dachnicam.ru