На волю вышаў былы віцэ-мэр Магілёва, які ў 2020-м падтрымаў Бабарыку

Уладзімір Дудараў на судзе

Уладзімір Дудараў на судзе

На волю выйшаў былы 49-гадовы віцэ-мэр Магілёва, палітвязень Уладзімр Дудараў. У 2020‑м ён узначаліў абласны штаб Віктара Бабарыкі — і быў асуджаны па карупцыйных артыкулах. Пра яго вызваленне піша "Наша Ніва".

Дудараў доўгі час працаваў у Магілёўскім гарвыканкаме, у 2018‑2019 быў намеснікам кіраўніка гарвыканкама па будаўніцтве і жыллёва-камунальнай гаспадарцы. Потым пакінуў дзяржслужбу. А ў 2020-м далучыўся да каманды Віктара Бабарыкі. Ён стаў самым высокапастаўленым чыноўнікам (хай і адстаўным) сярод каардынатараў банкіра.

Пасля гэтага Дударава арыштавалі і абвінавацілі ў карупцыі. Следства заявіла, што ён дзесяць гадоў праводзіў махінацыі з кватэрамі. Яго абвінавацілі ў злоўжыванні службовым становішчам і махлярстве ды прысудзілі сем з паловай гадоў зняволення.

Паколькі фармальна прысуд быў непалітычным, Дудараў тэарэтычна мог трапляць пад амністыі, таму выйшаў трохі раней за прызначаны тэрмін.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.