На волю выйшлі некалькі чалавек, якіх затрымлівалі па "справе Белгазпрамбанка"

На волю выйшлі некалькі чалавек, якіх затрымлівалі па "справе Белгазпрамбанка"

На волю выйшлі некалькі чалавек, якіх затрымлівалі па "справе Белгазпрамбанка". Сярод іх называюць сяброўку сям'і Віктара Бабарыкі Святлану Купрэеву. Яна ўваходзіла ў ініцыятыўную групу Бабарыкі, была каардынатарам па адным з раёнаў сталіцы. За кратамі знаходзілася з чэрвеня 2020 года. Купрэева праходзіла па крымінальнай справе аб ухіленні ад выплаты падаткаў. Праваабаронцы прызналі яе палітзняволенай. Святлана Купрэева знаходзіцца пад падпіскай аб нявыездзе.

Таксама вызвалены былы дарадца кіраўніка банка Уладзімір Сажын, былы асабісты памочнік Бабарыкі Дзмітрый Карака (таксама прызнаны палітвязнем) і сябар экс-банкіра Дзмітрый Жардзецкі. Невыключана, што гэта не поўны спіс.

Інфармацыя пра выхад на волю згаданых людзей пакуль неафіцыйная, яе прыводзіць буйнейшы інфармацыйны партал, прызнаны ў Беларусі экстрэмісцкім. Каманда Віктара Бабарыкі пацвярджае інфармацыю пра змяненне меры стрымання некаторым з затрыманых па "справе Белгазпрамбанка" (Купрэевай, Караку і Жардзецкаму). Цяпер гэтыя людзі са сваякамі, сувязі з імі няма. Нагадвае каманда экс-банкіра і пра тое, што дагэтуль за кратамі знаходзіцца Эдуард Бабарыка. Ён у СІЗА больш за год, абвінавачанне яму дагэтуль не выставілі.

Пазней "Наша ніва" паведаміла, што мера стрымання змененая для старшыні назіральнай рады "Кентаўра" Вольгі Радзецкай, акцыянераў "Прыватлізінга": дырэктара Андрэя Харлановіча, Аляксея Герашчанкі і Антона Марозава (намесніка Радзецкай у "Кентаўры"). Крымінальныя справы супраць вызваленых людзей не закрытыя, абставіны іх вызвалення пакуль невядомыя.

Шэсць топ-менеджараў "Белгазпрамбанка" былі асуджаны ў ліпені сёлета. Віктар Бабарыка атрымаў 14 гадоў пазбаўлення волі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі