На вялікім канцэрце "Троіца" пакажа фальклорныя сюіты з будучага альбома
"Разбівацца" працяглыя творы будуць кароткімі песнямі-хітамі.
27 красавіка ў мінскім Палацы культуры імя Шарко выступіць легендарнае этна-трыа "Троіца". Традыцыйна музыкі прадставяць слухачам новыя кампазіцыі, якія гурт рыхтуе для новага альбома. Натуральна, не абыдзецца і без хітоў.
"У нас не часта выходзяць дыскі, адпаведна, на канцэртах мы паказваем тое, што ўвойдзе ў новы альбом — гэта "Цар-агонь", "Мядзведзь". З'явіліся новыя творы "Святая зямля", "Яшчар", балада "А ў нядзельку", — распавядае пра праграму канцэрта лідар гурта Іван Кірчук. — Пра іх можна шмат расказваць, але гэта музыка, і яе трэба слухаць. Бо на сённяшні дзень гэтыя кампазіцыі больш нагадваюць фальклорныя сюіты і складаюцца з некалькіх частках. Будзе шмат музыкі, шмат інструментаў і песні з мінулых альбомаў, якія разбавяць працяглыя творы".
Новы альбом "Троіцы" складуць 5-7 працяглых кампазіцый. Праўда, калі з'явіцца новы лонгплэй славутага гурта, пакуль не вядома. Бо, прызнаецца Іван Іванавіч, усё ўпіраецца ў грошы:
"Калі мы хочам зрабіць прыгожы па гуку альбом, трэба зноў звяртацца да Томаша Рагулі (польскі саўнд-прадзюсар, які запісваў апошні альбом "Троіцы" "Зімачка", — заўв. рэд.), а там кошты немалыя. Але ў Мінску мы не запішам гэты альбом, гэта мы ведаем".
Пачатак канцэрта ў 19.00.
Кошт квіткоў — ад 200 да 350 тысяч.
Даведкі па тэлефоне: 29 6490888, 29 8517706
Фота: Аляксандр Ждановіч