“Троіца” выпусціла інтымны альбом, прысвечаны агню (слухаць)
Этна-трыа “Троіца” нарэшце прадставіла новы альбом “Цар-Агонь”. Кружэлку можна набыць і паслухаць на ўсіх музычных платформах.
“Цар-Агонь” — сёмы па ліку лонгплэй “Троіцы”, на запіс якога каманда збірала грошы з дапамогай краўдфандынгу. Спачатку музыкі марылі запісаць яго ў польскага гукаінжынера Томаша Рагулы, які працаваў над папярэднім “Зімачка”, але пазней вырашылі адмовіцца ад ідэі і спыніліся на мінскай студыі Super 8. Праўда, звядзенне LP зацягнулася па незалежных ад гурта прычынах.
Па словах музыкаў, у параўнанні з маштабнай “Зімачкай”, дзе каманда марнавала на кожную песню безліч дарожак, што стварала эфект аркестру і хору, “Цар-Агонь” — камерная, “інтымная праца”. Музыкі імкнуліся максімальна наблізіцца да слухача, каб пры праслухоўванні альбома стваралася ўражанне, што гурт грае побач, “у суседнім пакоі драўлянай вясковай хаты”.