На якіх умовах замежнікаў пусцяць без візы на хакейны чэмпіянат?
Замежных заўзятараў папярэджваюць, каб тыя не згубілі квіток на матч і не забыліся зарэгістравацца ў аддзеле па грамадзянстве і міграцыі.
Без візы змогуць патрапіць у Беларусь замежныя аматары спорту падчас чэмпіянату свету па хакеі. Праўда, на мяжы неабходна будзе паказаць квіток на матч. І лепш, каб да перасячэння беларускай мяжы, папярэджвае кіраўнік прэс-службы Памежнага камітэта Аляксандр Цішчанка, ніхто гэты квіток не бачыў.
Аляксандр Цішчанка: “Ёсць база квіткоў — кожны квіток мае свой электронны код. Грамадзянін яго прад’яўляе, гэты электронны код і — няма ніякіх пытанняў! Другі, хто за ім паедзе па гэтым жа квітку, ужо не будзе прапушчаны. Таму грамадзяне, якія набываюць квіткі, павінны захоўваць гэтыя коды ў таямніцы”.
А каб спакойна выехаць без візы з краіны, суразмоўца Еўрарадыё раіць аматарам хакею захоўваць квіткі — іх трэба будзе паказаць памежнікам… на выездзе. Няўжо тых, хто свой квіток згубіць, не выпусцяць з Беларусі?
Аляксандр Цішчанка: “У нас будзе адзначана, што чалавек гэты ўехаў па квітку. Рознае бывае — людзі нешта губляюць. Таму будзем старацца максімальна пазбегнуць розных інцыдэнтаў. Гэта (згублены квіток. — заўв. Еўрарадыё) проста паўплывае на хуткасць афармлення — давядзецца правяраць яго па базе квіткоў”.
Больш ніякіх патрабаванняў у памежнікаў да замежных аматараў хакея не будзе. Але ёсць яны ў Дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі — да тых, хто будзе жыць альбо ў сяброў-сваякоў, альбо на здымных кватэрах. Такім турыстам неабходна зарэгістравацца па месцы знаходжання, тлумачыць кіраўнік Дэпартаменту Аляксей Бягун.
Аляксей Бягун: “Калі ён не жыве ў гатэлі, то ён мусіць самастойна прайсці працэдуру рэгістрацыі ў падраздзяленнях па грамадзянстве і міграцыі цягам 5 працоўных дзён”.
Але караць за такую непамятлівасць не будуць.
Аляксей Бягун: “Яго пажураць і скажуць: “Ну, што — добра адпачыў? Выдатна!” Але я думаю, што ніхто караць не будзе”.
Без візы могуць ехаць на хакейны чэмпіянат у Беларусь і замежныя журналісты. Нават адмысловую акрэдытацыю ў Міністэрстве замежных спраў рабіць не трэба. Адзінае, тлумачыць прадстаўнік беларускага знешнепалітычнага ведамства Марыя Ваньшына, неабходна загадзя акрэдытавацца ў Міжнароднай федэрацыі хакея (International Ice Hockey Federation). Але і тут без умоў не абышлося.
Марыя Ваньшына: “Тыя журналісты, якія хочуць непасрэдна мерапрыемства асвятляць, мусяць акрэдытавацца ў Міжнароднай федэрацыі хакея”.
Маецца на ўвазе, што калі акрэдытаваныя IIHF журналісты збіраюцца паралельна з чэмпіянатам асвятляць іншыя мерапрыемствы, то ім неабходна атрымаць яшчэ і акрэдытацыю ў беларускім МЗС.
Як стала вядома Еўрарадыё, шэраг фінскіх СМІ ўжо выказалі нязгоду з такімі ўмовамі працы журналістаў падчас хакейнага чэмпіянату ў Беларусі. Грамадская вяшчальная кампанія Yle, штодзённая газета Helsingin Sanomat і таблоід Ilta-sanomat заявілі, што “не будуць выконваць умовы беларускіх арганізатараў”. Яны лічаць такое абмежаванне “замахам на свабоду слова”. Тым не менш гэтая ўмова вынікае з падпісанага ў кастрычніку прэзідэнцкага ўказа №477 “Аб некаторых пытаннях асвятлення мерапрыемстваў чэмпіянату свету па хакеі”.
Фота: www.trofei.by