Бягун: Чачэнцы для нас не нелегалы — у цэнтры мігрантаў іх не адправяць
Цэнтры размяшчэння мігрантаў пабудуюць у нашай краіне з мэтай узмацнення барацьбы з незаконнай міграцыяй. Але накіроўваць туды грамадзян Расіі, якія імкнуцца выехаць праз Беларусь у ЕС, у тыя цэнтры не будуць. Пра гэта Еўрарадыё заявіў начальнік Дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі МУС Беларусі Аляксей Бягун.
“Будаўніцтва гэтых цэнтраў скіраванае на ўмацаванне патэнцыялу Беларусі ў барацьбе з незаконнай міграцыяй. На чачэнскіх уцекачоў гэта распаўсюджвацца не будзе. Чачэнцы для нас не нелегалы — яны ж грамадзяне Саюзнай дзяржавы, яны выязджаюць у Польшчу легальна”, — кажа Бягун.
Па словах начальніка Дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі, размова ідзе выключна пра нелегалаў. Людзей, якія не толькі нелегальна трапілі ў Беларусь, але гэтак жа нелегальна праз яе імкнуцца трапіць у Еўрасаюз. Гэтыя цэнтры, разлічаныя на 30-50 чалавек кожны, не будуць прымаць, да прыкладу, сірыйскіх уцекачоў. Наша краіна, кажа Бягун, пагадзілася прымаць з Сірыі толькі студэнтаў: тых, хто прыедзе ў нашу краіну вучыцца, а потым вернецца на радзіму, а не тых, хто проста шукае прытулку ад вайны. І такіх студэнтаў у 2016 годзе Беларусь прыняла — сірыйцы жывуць і вучацца ў Гомелі.
Што да бежанцаў, якіх прымае наша краіна, то летась гэты статус атрымалі 1200 чалавек.. Гэта на 400 чалавек больш, чым было запланавана. На 2017 год прапануецца такая ж квота ў 800 чалавек, якія змогуць атрымаць статус уцекача ў нашай краіне.