Старшыня калгаса пра ўцекачоў з Украіны: Прыехалі, пабылі і ўжо збеглі!
З пачатку года ў Беларусь пераехала 25 тысяч украінцаў. Еўрарадыё цікавіцца, дзе і як ім удаецца ўладкавацца на працу.
Амаль 26 тысяч грамадзян Украіны прыехала ў Беларусь за апошнія два месяцы ў сувязі з вайной на Данбасе. Такую лічбу агучыў 18 жніўня амбасадар нашай краіны ва Украіне Валянцін Вялічка. Начальнік Дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі МУС Беларусі Аляксей Бягун удакладняе звесткі дыпламата.
Аляксей Бягун: “Мы можам гаварыць толькі пра асоб, якія прайшлі адпаведную працэдуру: зарэгістраваліся ў органах унутраных спраў. Такіх у нас з 1 студзеня 25 тысяч. А перасячэння мяжы, калі яны прыязджаюць ці то ў госці, ці з нейкіх іншых нагодаў, то гэта (26 тысяч, пра якія казаў Валянцін Вялічка — Еўрарадыё) можа быць і за два месяцы”.
Па звестках начальніка Дэпартамента, па статус уцекача звярнулася 250 чалавек.
Аляксей Бягун: “Ёсць 250 зваротаў аб прадстаўленні статуса ўцекача — гэтыя лічбы ёсць. Ну, а астатнія… Да прыкладу, больш за 7 тысяч атрымала дазвол на працу. Хаця зразумела, што яшчэ з мінула года нехта працуе. Нехта атрымаў дазвол на часовае пражыванне з іншай нагоды — альбо на ПМЖ, альбо ўвогуле ўжо атрымлівае грамадзянства”.
Па словах суразмоўцы Еўрарадыё, нейкіх лагераў уцекачоў для ўкраінцаў у Беларусі няма, як і месца іх “кампактнага знаходжання” — грамадзян Украіны рассяляюць па ўсіх рэгіёнах краіны.
Аляксей Бягун: “У аддзелах па грамадзянстве і міграцыі іх кансультуюць і гавораць, які прававы статус на тэрыторыі Беларусі яны могуць атрымаць. Мы рэкамендуем ім пачынаць (уладкоўвацца ў нашай краіне — Еўрарадыё) з тых рэгіёнаў, якія адчуваюць неабходнасць у спецыялістах і якія могуць ім рэальна даць жыллё. Вы ж разумееце, што ва Украіне былі распаўсюджаныя ўтрыманскія настроі. А мы ўтрыманскія настроі не вельмі любім, вы ж ведаеце. Мы кажам: “Вось, мы вам спрыяем у легалізацыі і падрыхтоўцы адпаведных дакументаў. А ў астатнім працуйце, зарабляеце, жывіце, карыстайцеся ўсімі нашымі дабротамі”.
Аксана, сацыёлаг па адукацыі, прыехала ў Беларусь з Данецка больш за месяц таму. Ехала да бацькоў-беларусаў свайго хлопца. Калі б не каханы, то ад вайны бегла б не за мяжу, а ў Львоў альбо ў Кіеў. Цяпер шукае працу ў Мінску, пакуль аформіла часовае прыбыццё тэрмінам на тры месяцы.
“Падказкай”, куды ехаць уладкоўваць жыццё, ад падначаленых Аляксея Бегуна карыстацца не захацела.
Аксана: “Я была ў аддзеле міграцыі больш за месяц таму, я тут ўжо паўтара месяца, і мне сказалі, што статус уцекача ўвогуле ў прынцыпе не выдаюць, а ёсць толькі варыянты пасялення ў сёлах, вёсках і працаўладкаванне там. А вось каб менавіта статус уцекача і працяг рэгістрацыі, мне сказалі, што такое не практыкуецца і закон гэты не дзейнічае ўвогуле. І гэта было ў цэнтральным, у мінскім аддзеле”.
Дзяўчына кажа, што практыку накіравання людзей у сельскую гаспадарку, дзе людзей не хапае, разумее. Праўда, саму яе перспектыва сельскага жыцця не задавальняе, таму яна спрабуе ўладкавацца самастойна. І калі знойдзе добрую працу, то будзе працягваць дазвол на часовае знаходжанне ў Беларусі. І марыць праз год вярнуцца ва Украіну.
Што за людзі едуць з Данбаса ў Беларусь? Па словах Аксаны, сярод яе знаёмых нашу краіну абралі тыя, у каго тут ёсць сваякі ці добрыя сябры, да каго можна звярнуцца па дапамогу і з жыллём, і з пошукам працы. Але такія не ўсе. У старшыні акцыянернага таварыства “Касакоўскі” Уладзіміра Мікалаевіча досвед ад уладкавання на працу ў сваю гаспадарку “ўцекача” з Украіны застаўся не вельмі прыемны. У размове з Еўрарадыё ён не хавае свайго расчаравання.
Уладзімір Мікалаевіч: “Гэта людзі, якія не зразумей што, я вам прама скажу! Хочуць вялікі заробак, я так зразумеў, а працаваць асабліва не хочуць. Вось адзін тут у мяне такі кадр. Зарабіў за месяц каля 4 мільёнаў — 3 мільёны 700 тысяч — і кажа: “Гэта мала! Ты павінен даць мне 8 мільёнаў!” У мяне даяркі атрымліваюць 5-6 мільёнаў! Ну, адна доіць 100 галоў і атрымлівае 12 мільёнаў. Дык яна 100 галоў доіць! А гэтага адразу ўзяў загадчыкам майстэрні. Паглядзеў, толку няма. Пасадзіў яго на машыну, думаю, пакуль па месцы тут паездзіць. А потым гляджу: то рыбалка ў яго, то яшчэ што-небудзь — два дні піў, хаваўся ад мяне. Вось і ўсё. А яшчэ хоча, каб я яму плаціў”.
Больш за ўсё старшыню абурае тое, што працаўніку з Украіны стварылі ўсе ўмовы: дапамаглі з афармленнем дакументаў, па дамове ўладкавалі на працу, далі аднапакаёвую кватэру, валанцёры туды прывезлі ўсё, пачынаючы ад посуду і мэблі да тэлевізара.
Уладзімір Мікалаевіч: “Вось, думаю: вайна, збег, здаровы, малады, без сям’і, кінуў усё і збег! Не магу зразумець: чаго яны ад нас хочуць? Ці яны хочуць тут час перачакаць, а потым назад паехаць — не ведаю. Я ведаю, што вось прыехалі ў суседнюю гаспадарку, пабылі і збеглі ўжо. Потым, яшчэ і ў “Ягдачы” таксама прыехалі ўкраінцы і, здаецца, таксама ўжо збеглі. А ў той школе, з якой валанцёры зрабілі часовы прытулак для ўцекачоў, амаль месяц сядзіць тры сям’і. Ездзіў я да іх, пытаўся, што яны сабе думаюць. Кажуць: “Шукаем працу”. Так можна месяц шукаць — працы хапае!”
Заўтра, кажа суразмоўца Еўрарадыё, працаўніку з Украіны па яго просьбе дадуць разлік. Куды паедзе — дырэктар не ведае, але ў суседніх гаспадарках заробкі не большыя. На пытанне, што будзе рабіць, калі прыедуць прасіць прытулку новыя ўцекачы з Украіны, Уладзімір Мікалаевіч адказу не мае. Кажа толькі, што некалькі разоў падумае, перш чым некага прымаць. Вось, прызнаецца, сябра прывёў маладую сям’ю і папрасіў уладкаваць. Старшыня пагадзіўся даць ім выпрабавальны тэрмін толькі таму, што іх парэкамендаваў “свой чалавек”.
Фота: lenta-ua.net