Беларускі Чырвоны Крыж прызнаў удзел у вывазе ўкраінскіх дзяцей у Беларусь
Гэтым разам Сяргей Шаўцоў не надзяваў на сябе адзенне з літарай Z / скрыншот з відэа
Беларускае таварыства Чырвонага Крыжа брала, бярэ і будзе браць актыўны ўдзел у вывазе ўкраінскіх дзяцей. Пра гэта заявіў у інтэрв'ю беларускаму тэлебачанню кіраўнік арганізацыі Дзмітрый Шаўцоў.
Шаўцоў сказаў, што яго "да глыбіні душы абурыў той факт, што людзі думаюць ці лічаць, што так лагічна паступаць, калі абвінавацілі Рэспубліку Беларусь у тым, што мы выкрадаем дзяцей, якія прыязджаюць да нас на аздараўленне". Паводле яго слоў, БКК разам з фондам Аляксея Талая робіць "усё, каб дзеці забыліся наогул пра жахі вайны і адпачылі, і адчулі, што ёсць астравок шчасця". Гэтым разам Шаўцоў з'явіўся ў эфіры беларускага тэлеканала ў майцы і кепцы з лагатыпам Чырвонага Крыжа. Аднак падчас нядаўняй паездкі ў акупаваны Марыупаль ён быў у адзенні з сімвалам расійскіх акупантаў Z. У Міжнародным камітэце Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца не ведалі пра візіт Дзмітрыя Шаўцова ў "ДНР". Але там нагадалі, што "вельмі важна, каб усе складнікі руху Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца захоўвалі сваю незалежнасць ад урадаў і носьбітаў зброі".
Адзначым таксама, што беларускія дэмакратычныя сілы ў цяперашні час збіраюць матэрыялы для Міжнароднага крымінальнага суда (МКС), якія даказваюць дачыненне прадстаўнікоў рэжыму Аляксандра Лукашэнкі да незаконнага вывазу ўкраінскіх дзяцей.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.