Міжнародны Чырвоны Крыж не ведаў, што Шаўцоў едзе ў "ДНР" з "зэткай" на плячы
Эмблема Міжнароднага Чырвонага Крыжа / icrc.org
Міжнародны камітэт Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца не ведаў і не ўдзельнічаў у арганізацыі візіту генеральнага сакратара Беларускага Чырвонага Крыжа Дзмітрыя Шаўцова ў "ДНР". Пра гэта Еўрарадыё паведаміў афіцыйны прадстаўнік Міжнароднага камітэта Чырвонага Крыжа.
— У цяперашні момант мы разглядаем гэтае пытанне.
Надзвычай важна, каб усе састаўныя часткі руху Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца захоўвалі сваю незалежнасць ад урадаў і носьбітаў зброі. Гэта дазваляе нам аказваць дапамогу бесстаронна, аддаючы прыярытэт тым, хто мае найбольшую патрэбу ў ёй, дзе б яны ні знаходзіліся, на якім бы баку лініі фронту яны ні былі.
МКЧК і МФЧК як міжнародныя падраздзяленні руху Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца падтрымліваюць нацыянальныя супольнасці ў іх прыхільнасці да нашых асноўных прынцыпаў. У выпадку ўзнікнення праблем МКЧК і МФЧК узаемадзейнічаюць на двухбаковай аснове з зацікаўленымі нацыянальнымі супольнасцямі.
Генеральнага сакратара Беларускага Чырвонага Крыжа Дзмітрыя Шаўцова сфатаграфавалі падчас гуманітарнай паездкі на Данбас з Z-шаўронам. Фармальнай прычынай паездкі называюць перадачу гуманітарнай дапамогі. Літара "Z" ужо больш за год з'яўляецца сімвалам расійскай агрэсіі ва Украіне.
У БЧК Еўрарадыё адмовіліся каментаваць сітуацыю і паведамілі, што інфармацыя з'явіцца ў афіцыйных сетках арганізацыі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.