ЗША забаранілі прадаваць у Беларусь магутныя чыпы і перадаваць тэхналогіі ШІ
Чып, ілюстрацыйнае фота
Новыя абмежаванні на экспарт тэхналогій, у тым ліку штучны інтэлект (ШІ), у дзяржавы, "якія выклікаюць занепакоенасць", увялі ЗША. Іх перад сваім адыходам зацвердзіла адміністрацыя Джо Байдэна. Пра гэта гаворыцца ў афіцыйным паведамленні на сайце Белага дома.
Ёсць у гэтым спісе і Беларусь. Яна ўвайшла ў катэгорыю краін, куды ЗША забаранілі перадаваць найбольш магутныя мадэлі ШІ і пастаўляць "прасунутыя" чыпы, якія выкарыстоўваюцца ў гэтых тэхналогіях.
У Белым доме мяркуюць, што магутныя сістэмы ШІ ў "няправільных руках" могуць узмацніць сур'ёзныя рызыкі для нацыянальнай бяспекі ЗША. Яны могць быць выкарыстаныя для распрацоўкі зброі масавага знішчэння, магутных кібератак і спрыяць парушэнням правоў чалавека — напрыклад, масаваму сачэнню.
Акрамя Беларусі ў гэты спіс трапілі таксама Расія, Кітай, Іран, КНДР, Афганістан, Венесуэла, Гаіці, Зімбабвэ, Ірак, Куба ды іншыя. Без якіх-небудзь абмежаванняў ЗША будуць пастаўляць такія тэхналогіі ў 18 краін-саюзнікаў і партнёраў.
Абмежаванні набудуць моц праз 120 дзён.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.