Украінскі Чырвоны Крыж заклікаў выключыць Беларусь з Міжнароднага руху

Падчас паездкі на Данбас кіраўнік БКК Сяргей Шаўцоў быў у джэмперы з літарай Z / скрыншот відэа @sputnikby
Падчас паездкі на Данбас кіраўнік БКК Сяргей Шаўцоў быў у джэмперы з літарай Z / скрыншот відэа @sputnikby

Украінскі Чырвоны Крыж заклікаў выключыць Беларусь з Міжнароднага руху Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца. Пра гэта гаворыцца ў заяве, апублікаванай на сайце арганізацыі.  УЧК "катэгарычна асуджае дзеянні беларускага Чырвонага Крыжа" на акупаваных тэрыторыях, у прыватнасці ў Луганскай і Данецкай абласцях. Аўтары заявы спасылаюцца, у прыватнасці, на сюжэт беларускага тэлебачання, прысвечаны паездцы кіраўніка Беларускага Чырвонага Крыжа Дзмітрыя Шаўцова "з нібыта гуманітарнай місіяй" у Марыупаль, Севераданецк і Лісічанск.

"У сюжэце генеральны сакратар заяўляе пра актыўны ўдзел беларускага Чырвонага Крыжа ў дэпартацыі дзяцей з тэрыторыі Украіны", — адзначаюць аўтары заявы. Гэта, на думку ўкраінскага боку, сведчыць пра наўмыснае ігнараванне статутных абавязанняў, а таксама "пра здзяйсненне сур'ёзных парушэнняў міжнароднага гуманітарнага права".

Нагадаем, на мінулым тыдні ў інтэрнэце з'явіліся фота генеральнага сакратара БЧК Дзмітрыя Шаўцова з Данбаса. Кіраўнік БЧК быў у джэмперы з літарай Z. Нагадаем, гэтая літара ўжо паўтара года сімвалізуе расійскую агрэсію ва Украіне. Пазней у тэлесюжэце Шаўцоў казаў, што Беларускі Чырвоны Крыж "браў, бярэ і будзе браць актыўны ўдзел" у вывазе ўкраінскіх дзяцей. Паводле яго, дзяцей вывозяць "на аздараўленне". Міністр замежных справаў Украіны Дзмітрый Кулеба ўжо заклікаў Міжнародны крымінальны суд у Гаазе выдаць ордар на арышт Шаўцова. Паводле Кулебы, генеральны сакратар БЧК "публічна прызнаўся" ў "незаконнай дэпартацыі дзяцей з акупаваных тэрыторый".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі