Суд у Гаазе просяць арыштаваць Шаўцова з беларускага Чырвонага Крыжа

Дзмітрый Шаўцоў у "ДНР"
Дзмітрый Шаўцоў у "ДНР"

Міністр замежных спраў Украіны Дзмітрый Кулеба заклікае Міжнародны крымінальны суд у Гаазе выдаць ордэр на арышт генеральнага сакратара беларускага Чырвонага Крыжа Дзмітрыя Шаўцова, "які публічна прызнаўся ў злачынстве незаконнай дэпартацыі дзяцей з акупаваных раёнаў Украіны". "Усе вінаватыя ў крадзяжы ўкраінскіх дзяцей павінны быць прыцягнутыя да адказнасці",піша Кулеба ў Twitter.

Дзмітрый Шаўцоў трапіў у чарговую скандальную гісторыю, калі для паездкі на Данбас апрануў джэмпер з літарай Z (яна ўжо паўтара года сімвалізуе расійскую агрэсію ва Украіне). На Данбас ён ездзіў разам з Аляксеем Талаем, які, па словах Аляксандра Лукашэнкі, "туды-сюды ездзіць, гэтых дзетак цягне". Атрымліваецца, што беларускі Чырвоны Крыж не толькі падтрымлівае расійскае ўварванне ва Украіну, але і дапамагае Лукашэнку пазбегнуць адказнасці за дэпартацыю ўкраінскіх дзяцей.

У Міжнародным камітэце Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца Еўрарадыё паведамілі, што ён не ведаў і не ўдзельнічаў у арганізацыі візіту Дзмітрыя Шаўцова ў "ДНР": "У цяперашні момант мы разглядаем гэтае пытанне".

Дзмітрый Шаўцоў у інтэрв'ю беларускаму тэлебачанню зрабіў заяву, з якой вынікае, што беларускае таварыства Чырвонага Крыжа брала, бярэ і будзе браць актыўны ўдзел у вывазе ўкраінскіх дзяцей. І гэта стала апошняй кропляй, выклікала рэакцыю ў Кіеве.

"Для мяне гэта як узнагарода", — так Шаўцоў пракаментаваў @sputnikby заяву Кулебы.

У сакавіку Міжнародны крымінальны суд у Гаазе выдаў ордэр на арышт прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна, а таксама ўпаўнаважанай па правах дзіцяці РФ Марыі Львовай-Бяловай. Абое яны нясуць адказнасць за ваеннае злачынства — незаконную дэпартацыю ўкраінскіх дзяцей. У красавіку Парламенцкая асамблея Савета Еўропы прызнала генацыдам прымусовую дэпартацыю ў Расію дзяцей з Украіны. Аляксандр Лукашэнка і яго рэжым прызнаныя датычнымі да гэтага злачынства. У такой сітуацыі Еўрапарламент заклікаў Міжнародны крымінальны суд разгледзець магчымасць выдачы аналагічнага ордэра на арышт Лукашэнкі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі