Польшча не плануе адкрываць пункты пропуску на мяжы з РБ — кіраўнік МУС

Чарга на беларуска-польскай мяжы, ілюстрацыйнае фота

Чарга на беларуска-польскай мяжы, ілюстрацыйнае фота / тг-чат ГраніцаBY

На цяперашні час Польшча не разглядае адкрыццё пунктаў пропуску на мяжы з Беларуссю, бо з боку Мінска няма крокаў насустрач па "адчувальных пытаннях". Пра гэта на прэс-канферэнцыі ў Беластоку заявіў міністр унутраных спраў і адміністрацыі Польшчы Томаш Сямоняк.

Паводле яго, няма ніякіх прыкметаў, што ў найбліжэйшай будучыні гэтыя пераходы могуць быць адчыненыя. Адказнасць за гэта міністр усклаў на беларускі бок.

"Прычыны ў беларускім баку. Анджэй Пачобут усё яшчэ знаходзіцца ў зняволенні. Розныя заявы пра яго магчымае вызваленне не пацвердзіліся фактамі. Ніякага супрацоўніцтва з беларускага боку не назіраецца ў дачыненні да інфармацыі аб забойстве польскага салдата летась", — назваў ён значныя для Польшчы моманты.

Таксама Сямоняк звярнуў увагу на праблему працяглага міграцыйнага крызісу на мяжы. Ён дадаў, што няма сумневаў "у тым, што менавіта беларускія службы арганізуюць і садзейнічаюць гэтай гібрыднай агрэсіі".

Адкрыццё пунктаў пропуску на мяжы ён звязаў з наяўнасцю добрай волі ў афіцыйнага Мінска.

Цяпер на беларуска-польскай мяжы дзейнічае толькі адзін пераход для грузавых аўтамабіляў — Казловічы-Кукурыкі, а таксама адзін для легкавога транспарту і аўтобусаў — Брэст-Цярэспаль.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі