Нацбанк Беларусі з 1 ліпеня зніжае стаўку рэфінансавання да 20%
Нацыянальны банк Беларусі з 1 ліпеня зніжае стаўку рэфінансавання да 20%. Такое рашэнне прынялі праўленне і камітэт па манетарнай палітыцы Нацбанка. На сённяшні дзень стаўка рэфінансавання складае 22%. Папярэдняе зніжэнне адбылося 1 траўня, таксама на 2% (з 1 красавіка — на 1%). Пра тое, як змянялася стаўка рэфінансавання ў нашай краіне, можна паглядзець тут.
Адзначаецца, што з 1 ліпеня стаўкі па пастаянна даступных і двухбаковых аперацыях падтрымкі бягучай ліквіднасці банкаў зніжаюцца з 27% да 25%, а стаўкі па пастаянна даступных аперацыях выключэння ліквіднасці банкаў — з 15 да 13% гадавых.
Як інфармуе прэс-служба Нацбанка, з 1 жніўня 2016 года змяншаецца гранічны ўзровень працэнтных ставак па новых тэрміновых банкаўскіх укладах фізасоб у нацыянальнай валюце. У выпадку яго перавышэння прадугледжваецца павелічэнне рэзервовых патрабаванняў — з 1,0 да 0,9 стаўкі па пастаянна даступных аперацыях Нацбанка ў форме крэдыту авернайт.
У Нацыянальным банку адзначаюць, што прыняццю гэтых рашэнняў найперш спрыяла "запаволенне інфляцыйных працэсаў".