Нацбанк працягнуў на год абмежаванні ў дачыненні “ТК-Банка”

Нацбанк працягнуў на год абмежаванні ў дачыненні “ТК-Банка”

Нацбанк працягнуў яшчэ на год забарону на некаторыя банкаўскія аперацыі для “Банка гандлёвы капітал” (ЗАТ “ТК-Банк”). Як паведамляе прэс-служба рэгулятара, пастанова аб працягу прынятага раней рашэння аб прыпыненні дзеяння спецдазволу на банкаўскую дзейнасць па асобных аперацыях зацверджаная праўленнем Нацбанка.

Рашэнне было прынятае з улікам вынікаў праверкі “ТК-Банка” ў сувязі з невыкананнем ім асобных патрабаванняў банкаўскага заканадаўства. Гэтыя захады не пацягнуць за сабой датэрміновае выкананне абавязанняў банка па заключаных дамовах. Установа зможа працаваць па старых дамовах.

Пры гэтым банку забараняецца заключаць новыя і перазаключаць старыя дамовы на новы тэрмін. “ТК-Банку”, у прыватнасці, забаронена прыцягваць грашовыя сродкі фізічных і юрыдычных асобаў ва ўклады, выдаваць каштоўныя паперы, якія пацвярджаюць прыцягненне грошай, а таксама размяшчаць іх на рахунках. Таксама гэтай установе забаронена выпускаць свае пластыкавыя карткі.

“ТК-Банк” быў створаны ў 2008 годзе. Яго асноўным акцыянерам з’яўляецца адзін з найбуйнейшых іранскіх банкаў Bank Tejaret з долей 99,89%. Паводле памераў актываў банк займае 12-е месца ў банкаўскай сістэме Беларусі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі