Над Беларуссю з'явілася невялікая азонавая дзірка
Над Беларуссю навукоўцы заўважылі азонавую дзірку. Пра гэта паведаміў вядучы навуковы супрацоўнік Нацыянальнага навукова-даследчага цэнтра маніторынгу азонасферы Аляксандр Красоўскі.
"З'явілася невялікая азонавая дзірка. Яе асаблівасць палягае ў тым, што яна злучаная з азонавай дзіркай над Паўночным полюсам. Гэта рэдкі выпадак", — цытуе БЕЛТА словы навукоўца.
Апошнім разам навукоўцы назіралі азонавую дзірку над Беларуссю сёлета ўвесну. Па іх словах, азонавыя дзіркі часцей за ўсё назіраюць у міжсезонні: напрыканцы вясны — на пачатку лета, а таксама напярэдадні зімы. Гэта звязваюць з перабудовай стратасферы, што суправаджаецца пераразмеркаваннем азону ў азонавым слоі над Зямлёй.
Дарэчы, Красоўскі звязаў спякотнае надвор'е ў Беларусі і Еўропе ў цэлым з перамяшчэннем азону. "Змена колькасці азону над пэўным рэгіёнам можа прыводзіць да пераменаў у клімаце", — дадаў ён.