Naka Piano "Piano"

Міні-склад гурта Naka з лідаркай Анастасіяй Шпакоўскай і клавішніцай Ірынай Кліменка пераўвасобіўся ў сайд-праект Naka Piano і выпусціў дэбютную пласцінку. "Piano" сумяшчае хіты Naka, новыя кампазіцыі і вершы Насты. Добра вядомыя творы рок-каманды — "Ложь", "У баі", "Крылья", "Бяжы" робяцца тут інтымным выказваннем, дзе кожнае слова і кожная нота гучаць узважана і глыбока.

Альбом "Piano" — гэта дыялог голасу і фартэпіяна, якія размаўляюць пра любоў, людзей, здраду, нянавісць, прадчуванні і надзею. Дыялог, дзе галасы не канкуруюць, а падтрымліваюць адно другога. Дыялог, які прымушае сумаваць і радавацца. А яшчэ — гэта дзявочы дзённік, дзе эмацыйны ўсплёск пераходзіць у ціхі шэпт, крык змяняецца ўздыхам, а любоў робіцца нянавісцю.

Пласцінка Naka Piano ўражвае практычна ідэальнай выбудаванасцю і пры ўсёй сваёй эмацыйнасці, ненапружанасцю. "Piano" ідзе ў нагу з модай на мінімалізм як у Аліны Арловай, і пры гэтым пераконвае ў сваёй самастойнасці і цэласнасці. Гэта альбом, дзе Наста Шпакоўская распавядае пра сябе.

28 лістапада ў клубе Re:Public Naka дасць вялікі канцэрт у 2-х дзеях. У першай гурт паўстане ў сваім міні-выглядзе Naka Piano. У другой — Naka выступіць з электрычнай праграмай.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі