Намеснік начальніка турмы №1 пра Аўтуховіча: Інтэрнэт не каментую
Кіраўніцтва спецустановы не адмаўляе і не пацвярджае інфармацыі пра тое, што Мікалай Аўтуховіч нанёс сабе пашкоджанні.
“Адкуль вы пра гэта ведаеце? З інтэрнэту ад праваабаронцаў? Самі разумееце, што такое інтэрнэт. Хочаце, верце яму. А хочаце — не верце, ваша справа. Інтэрнэт я каментаваць не буду. Зняволены гэты знаходзіцца ў нас, адбывае пакаранне. Як і ўсе іншыя”, — гаворыць у размове з Еўрарадыё намеснік кіраўніка гродзенскай турмы №1 Алег Радзікевіч.
Інфармацыя пра тое, што Мікалай Аўтуховіч нанёс сабе моцныя фізічныя пашкоджанні, з’явілася раніцай 19 верасня. Паводле сайта “Платформы”, прычынай, з якой палітвязень парэзаў жывот лязом, стала “адкрыта здзеклівае стаўленне адміністрацыі турмы”.
Нагадаем, Мікалай Аўтуховіч — ветэран афганскай вайны, прадпрымальнік і грамадскі дзеяч з Ваўкавыска. У траўні 2010 года ён асуджаны на 5 гадоў і 2 месяцы пазбаўлення волі за незаконныя дзеянні адносна агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў. Праваабаронцы лічаць гэты прысуд палітычна матываваным.
Фота: www.gs.by.