Напад на настаўніцу ў Мінску: версіі следства, падазраванага, пацярпелай

Напад на настаўніцу ў Мінску: версіі следства, падазраванага, пацярпелай

У Мінску пачаўся суд над Данатам С. — гімназістам, якога абвінавачваюць у нападзенні на 57-гадовую настаўніцу рускай мовы. Расследаванне справы цягнулася амаль дзевяць месяцаў. За гэты час хлопцу ні разу не дазволілі сустрэцца з бацькамі. Самі бацькі і настаўніца на размовы з прэсай не пагаджаліся. Пасярэднікамі выступалі бацькі аднакласнікаў Даната. Ад іх і стала вядома, што хлопец сваёй віны не прызнае, ад супрацоўніцтва са следствам адмаўляецца. Параненая настаўніца, якой, паводле следства, было нанесена 17 удараў нажом, працягвае працаваць у той жа гімназіі.

Адвакаты хлопца каментарыяў таксама не даюць, спасылаючыся на таямніцу следства і "надта складаную справу". І сапраўды, справа, раскрытая ледзьве не па гарачых слядах, выклікае шмат пытанняў. З інфармацыі, якая трапляла ў прэсу, вынікаюць тры версіі здарэння.

1. Версія следства

Непаўналетні Данат каля 8-й гадзіны раніцы заходзіць у клас рускай мовы і літаратуры, зачыняе за сабой дзверы і з асаблівай жорсткасцю наносіць настаўніцы 15 удараў нажом і два ўдары тупым прадметам у вобласць жыццёва важных органаў.

"У сувязі з актыўным супраціўленнем пацярпелай, яе паведамленнем сваякам аб здзейсненым злачынстве і своечасовым аказаннем ёй кваліфікаванай медыцынскай дапамогі, нападнік не змог давесці сваю задуму да канца", — паведамляе Следчы камітэт.

Хлопец затрыманы у той жа дзень. Псіхолага-псіхалагічная экспертыза паказвае, што ў момант здзяйснення злачынства падазраваны ўсведамляў свае дзеянні. Матывам злачынства, як вынікае з расследавання, з'яўляецца помста хлопца за нібыта неаб'ектыўную ацэнку яго ведаў. Нож, з якім вучань нібыта здзейсніў напад, знаходзяць літаральна праз некалькі дзён у двары школы. Пазней паведамляецца, што на заплечніку хлопца знойдзеная кроў настаўніцы. Усе 9 месяцаў хлопец знаходзіцца ў СІЗА на Валадарскага.

2. Версія настаўніцы

22 траўня каля 8.30 раніцы жанчына тэлефануе сваёй дачцэ і паведамляе, што на яе напаў вучань. Дачка звязваецца з сацыяльным педагогам, у клас прыбягаюць дырэктар школы і настаўнікі. Хуткая прыязджае за лічаныя хвіліны. Настаўніцы робяць аперацыю, пасля чаго яна тры дні знаходзіцца ў рэанімацыі. Пазней у сваім адзіным інтэрв'ю для "Народнай волі" яна скажа, што не трымае зла на нападніка.

3. Версія аднакласнікаў Даната і іх бацькоў:

У 8.12 Данат заходзіць у школу (яго прывозіць маці).

8:15. Размаўляе з настаўніцай французскай мовы, яна пытаецца, чаму ён прыехаў так рана, бо першы ўрок адменены.

8:17. Сустракае свайго аднакласніка. У гэты ж час у кабінет рускай мовы заходзіць настаўніца геаграфіі. Усё ў парадку.

8:24. Настаўніца рускай мовы Валянціна Уладзіміраўна тэлефануе дачцэ і кажа, што на яе здзейснены напад.

У 8:31 хлопец разам з сябрам ідзе прагуляцца на вуліцу.

8:51. прыходзіць у гардэроб і рыхтуецца да ўрока фізкультуры. У гэты час яму тэлефануе бацька і кажа, што Данат здзейсніў напад на настаўніцу. Хлопец перапытвае бацьку, ці правільна ён зразумеў яго.

"У той дзень ён заходзіў да Валянціны Уладзіміраўны выправіць літаратуру, распавесці вершы (мы праходзілі М.Ю.Лермантава), — напісаў у лісце Еўрарадыё адзін з аднакласнікаў Даната — Настаўніца сказала зайсці пазней. Ён распавядаў мне пра гэта, калі мы сустрэліся перад другім урокам, фізкультурай, у раздзявальні. Варта заўважыць, што Данат паводзіў сябе гэтак жа, як і заўсёды: ён быў спакойным, вясёлым. Уся вопратка на ім была сухая і чыстая. Я спытаў, што адбылося ў школе. Данат сказаў, што нешта адбылося з Валянцінай Уладзіміраўнай. Ну, па меншай меры, ён так каля нейкага кабінета пачуў, калі са стадыёна з аднакласнікам вяртаўся, толькі вось дакладна нічога і не зразумеў. Калі мы размаўлялі, Данату патэлефанаваў бацька і сказаў, што ён на кагосьці напаў. Пасля слоў бацькі ён моцна здзівіўся, быў у шоку ад пачутага, мякка кажучы. Ён адышоў паразмаўляць па тэлефоне у калідор, і больш я яго не бачыў..."

Са словаў аднакласнікаў Даната, іх бацькоў, першай настаўніцы хлопца і яго трэнера, хлопец мае станоўчыя характарыстыкі. Настаўніцу гімназісты і бацькі называюць прафесіяналам з няпростым характарам. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі