Наркотыкі, хуліганства, махлярства — за што судзімыя кандыдаты ў дэпутаты?
Гэта першыя выбары, калі кандыдатам абавязкова ўказваць свае судзімасці. Па Мінску такіх балатуецца 8 чалавек.
Тры з ЛДПБ, два з АГП, два з КПБ і адзін з БНФ — чаму яны вырашылі ісці ў дэпутаты і за што былі асуджаныя?
Артур Фінкевіч — палітычны, тут зразумела, тлумачыць старшыня АГП Анатоль Лябедзька, а Аляксандр Галавач — за крадзеж, але ён ідзе не ад партыі.
"У мяне сваё бачанне. Я не хаваю, што з АГП, але вырашыў ісці сам праз збор подпісаў, — кажа Еўрарадыё кандыдат Аляксандр Галавач. — Я указаў што ў мяне ёсць пагашаная судзімасць, не ўказваў толькі за што. Але камісія сама адшукала гэтую інфармацыю і вынесла. Гэта было 8 гадоў таму, я не сядзеў, не было нічога крымінальнага. Была справа з нейкім фотаапаратам, якога недзе не далічыліся, я працаваў маладым асістэнтам і павесілі на мяне".
Па словах кандыдата, людзі да факта судзімасці ставяцца з разуменнем, маўляў, ён жа з АГП.
"Я кірую домам жылым. Людзі бачаць, тут ён гэта зрабіў, тут нам дапамог і судзімасць не хавае".
А вось у Шклове “забылі” ўказаць судзімасць у біяграфіі цяперашняга старшыні Шклоўскага раённага Савета дэпутатаў Міхаіла Паўловіча. Выбарчая камісія паабяцала апублікаваць гэтыя звесткі ў мясцовай раёнцы, але там нічога не з'явілася, кажа намеснік старшыні партыі БНФ Рыгор Кастусёў.
"Старшыня райсавета ў Шклове — судзімы чалавек, цяпер судзімасць пагашаная, і ён зноў ідзе ў дэпутаты. Раённая камісія паабяцала, што дадзеныя аб яго судзімасці будуць размешчаныя ў газеце. Але газета выйшла, дадзеных там няма. Старшыня камісіі сказаў, што дадзеныя не выйшлі не па іх віне".
Сярод судзімых кандыдатаў у Мінску адразу тры сябры Ліберальна-дэмакратычнай партыі. Аляксандр Шэндрык двойчы судзімы за ухіленне ад утрымання дзяцей. Гэта бывае. Але ў дэпутаты ідзе Мікалай Шаціла, які быў асуджаны за… незаконны абарот наркатычных сродкаў.
"Судзімасць была пагашаная, і ён даўно чысты перад народам і дзяржавай, — кажа намеснік старшыні партыі і былы міліцыянер Алег Гайдукевіч. — Чалавек цяпер працуе, корміць дзяцей, займаецца дабрачыннасцю. Чалавек можа зрабіць памылку і можа яе выправіць. Калі некалі быў судзімы, гэта не значыць, што ён на ўсё жыццё мусіць быць пракляты. Гэта няправільна і не дэмакратычна. Партыя ў нас народная, таму ёсць усе слаі насельніцтва".
Яшчэ адзін кандыдат ЛДП Валерый Кіраенкаў. На сайце Мінгарвыканкама ўказана, што ён мае шэсць легкавых аўтамабіляў, і быў судзімы па артыкулах: махлярства, незаконная прадпрымальніцкая дзейнасць, раскраданне шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі. Працуе намеснікам старшыні праўлення спажывецкага кааператыва ЖБК "Абаронец".
Праўда, старшыня гэтага кааператыва кажа Еўрарадыё, што такі чалавек больш не працуе, бо быў абраны на пасаду… незаконна.
8 кандыдатаў маюць судзімасці (3 ЛДПБ, 2 АГП, 2 КПБ, 1 БНФ)
Валерый Кіраенкаў, намеснік старшыні праўлення спажывецкага кааператыву ЖБК "Абаронец", член Ліберальна-дэмакратычнай партыі, мае шэсць легкавых аўтамабіляў, быў судзімы па артыкулах: махлярства, незаконная прадпрымальніцкая дзейнасць, раскраданне шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі.
Мікалай Шаціла, індывідуальны прадпрымальнік, член Ліберальна-дэмакратычнай партыі. Быў судзімы за незаконны абарот наркатычных сродкаў.
Аляксандр Шэндрык, вадзіцель аўтобуса "Аўтасрэда", член Ліберальна-дэмакратычнай партыі. Быў двойчы судзімы за ухіленне бацькоў ад утрымання дзяцей.
Артур Фiнькевiч, студэнт ЕГУ, член Аб'яднанай грамадзянскай партыі быў судзімы за хуліганства і ухіленне ад адбывання пакарання ў выглядзе абмежавання свабоды.
Аляксандр Галавач, мэнэджар ТАА "ПЭК", член Аб'яднанай грамадзянскай партыі. Быў судзімы за крадзеж.
Казімір Юройць, інжынер кафедры "Тэхналогія будаўнічай вытворчасці" БНТУ, член Камуністычнай партыі Беларусі. Быў судзімы за хуліганства і супраціўленне работніку міліцыі.
Альберт Ярафеенка, загадчык склада ТАА "Еўрагандаль", член Камуністычнай партыі Беларусі. Быў судзімы за хуліганства.
Дзмітрый Каспяровіч індывідуальны прадпрымальнік, сябра Партыі БНФ. Быў судзімы за крадзеж і хуліганства.