"Народныя казкі для дзетак" з'явяцца ў кожнай бібліятэцы

Кніга была падрыхтаваная пры падтрымцы Дзіцячага Фонду ААН (ЮНІСЕФ), а мерапрыемства праходзіла ў межах фестывальнага тыдня дзіцячага Еўрабачання–2010 і напярэдадні дня падпісання Канвенцыі ААН пра правы дзіцяці. Як распавяла куратар праекта Юлія Ляшкевіч, ідэя такога выдання з'явілася ўжо даўно і першапачаткова ўвасобілася ў інтэрнэце.

Юлія Ляшкевіч: "У нас быў першы праект са Змітром Вайцюшкевічам "Калыханкі" (2007 год). Калі мы працавалі, нам вельмі шмат людзей казала, маўляў, ці вы не разумееце, што ніхто не будзе слухаць беларускія калыханкі. А потым нам усе бацькі казалі, што дзеці, натуральна, не жадаюць спаць без гэтых калыханак. Карацей, нармальна дзеці ўспрынялі беларускую мову. Таму, калі прыйшоў Алег Хаменка і сказаў, што ёсць казкі, з якімі трэба нешта зрабіць, пытання не ўзнікла. Але ўсё пачалося з сайта, мы яшчэ не ведалі, што ў нас атрымаецца кніга".

З рога ўсяго многа

Акрамя непасрэдна казак у кнізе таксама змешчаныя каментары псіхолага і дадатак з адаптаванай канвенцыяй пра правы дзіцяці. Прадстаўнік ЮНІСЕФ у Беларусі Юрый Аксамітны спадзяецца, што гэтая кніга дапаможа дадаткова звярнуць увагу і дарослых, і саміх дзяцей на тое, што ў кожнага ёсць правы і іх трэба бараніць.

Юры Аксамітны: "Апроч таго, для мяне вельмі важна, каб дзеці жылі і раслі ў сваёй нацыянальнай культуры, у сваёй нацыянальнай мове, у сваім нацыянальным асяроддзі. Калі гэтага не будзе, то, напэўна, дзіця не здолее зразумець усю шматбаковасць навакольнага свету, не здолее зразумець іншыя народы".

Свіны кажушок


Юрый дадаў, што экземпляр кнігі будзе перададзены ў штаб-кватэру Дзіцячага фонду ў Нью-Ёрку, каб і іншыя краіны маглі зрабіць штосьці падобнае, бо, на жаль, такіх сур'ёзных і прыгожых ініцыятыў не так шмат. Падчас цырымоніі перадачы "Народных казак для дзетак" Юрый Аксамітны падарыў музею Нацыянальнай бібліятэкі памятны знак ЮНІСЕФ і выказаў надзею на далейшае супрацоўніцтва. На гэта дырэктар бібліятэкі Раман Матульскі ўнёс "казкі" ў спіс лепшых беларускіх выданняў.  

Раман Матульскі

Раман Матульскі: "Мы працягваем традыцыю прэзентаваць лепшыя кнігі Беларусі ў сценах Нацыянальнай бібліятэкі. І натуральна, тая кніга, якую мы сёння атрымалі ў падарунак, – лепшая. Я думаю, яе сапраўды будуць чытаць, чытаць, зачытваць, і яна вытрымае не адно перавыданне. Насамрэч, мы добра ведаем, што чалавек будзе чытаць, толькі калі ён прывучыўся чытаць у дзяцінстве. Той, хто не чытаў у маленстве, той хто не слухаў казкі, ніколі, кім бы ён не быў, якія пасады не займаў, сур'ёзным чытачом не стане".

Дурныя людзі


Раман вельмі шмат словаў падзякі выказваў Алегу Хаменку, які працаваў над падборам і адаптацыяй казак, але калі далі слова самому Алегу, той адразу зазначыў, што яго перахвалілі. Маўляў, гэтыя казкі насамрэч – выбарка з казак, сабраных рознымі фалькларыстамі з розных краінаў за апошнія сто гадоў.

Алег Хаменка

Алег Хаменка: "Я не апрацоўваў. Ёсць казкі, якія я сам чытаў, а ёсць казкі, якія я памятаю і проста іх распавядаў. Проста ў мікрафон распавядаў казку так, як гэта павінна распавядацца. А з варыянту майго расповеду зрабілі тэкставы варыянт, які і надрукавалі".

Каваль і аднавокае гора

У кнізе змешчана 19 казак. Яны ж запісаныя на дыску, які ўкладзены ў кожны экземпляр выдання. Значна больш казак, як у аўдыё, так і ў тэкставым варыянце можна знайсці на сайце праекта. Сайт аформлены ў адпаведнасці са старажытнай беларускай тэхнікай малюнка, у якой працуе мастачка Юлія Рудзіцкая. Дарэчы, яна ж рабіла ілюстрацыі да самой кнігі, а кожны жадаючы здолее паглядзець яе карціны з 20 лістапада ў мабільнай галерэі Нацыянальнай бібліятэкі.

Малюнкі Юліі Рудзіцкай

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі