“Нашы рэформы ў адукацыі — гэта броўнаўскі рух”

“Нашы рэформы ў адукацыі — гэта броўнаўскі рух”

Аптымізацыя ВНУ, агульнаадукацыйны тэст замест выпускных экзаменаў і ўсеагульная сярэдняя адукацыя — такія рэформы Мінадукацыі прапануе на рэспубліканскім педсавеце. Наколькі гэта рэальна і што прынясе для адукацыі, гутарым з педагогам, стваральнікам праекта “Паласатая газета” Ганнай Граноўскай.

Глядзець трансляцыю можна тут:

Прапануем найлепшыя цытаты з размовы.

Пра рэформы

“Усе рашэнні трэба прымаць узважана, мусіць быць нейкая база, аргументацыя, каб усе разумелі, што пасля гэтага нешта зменіцца ў лепшы бок. Калі гэтыя навінкі прымаюцца спантанна, калі няма нейкай эксперыментальнай базы — гэта броўнаўскі рух атрымліваецца”.

“Няма нічога лепшага, чым скарыстоўваць досвед краін, дзе ўжо прайшлі паспяховыя рэформы. Я не прыхільнік таго, каб гэтыя рэформы прымаліся знянацку”.

Пра педсавет з Аляксандрам Лукашэнкам

“Трэба сядаць разам з практыкамі-настаўнікамі, з бацькамі і абмяркоўваць. Там жа, на педсавеце з кіраўніком краіны, не было ні бацькоў, ні вучняў. А вось сілавікоў туды запрасілі, што паказальна”.

“На гэтае мерапрыемства прыйшлі правераныя, падрыхтаваныя людзі. Я не думаю, што туды дапуссцілі звычайных настаўнікаў, якім ёсць што сказаць”.

Пра залішнюю папяровую працу і заробкі настаўнікаў

“Праблемы не вырашаюцца. Усе гэтыя дробныя крокі толькі пагаршаюць сітуацыю ў адукацыі. Я памятаю, калі сабраліся настаўнікі ад народа на такім мерапрыемстве і папрасілі, каб ім зрабілі маленькі адпачынак, як усім рабочым у Беларусі. Гэта было нібыта ад народа. І тады мы атрымалі масавае звальненне са школ і дзіцячых садкоў”.

“Ёсць пэўны функцыянал, распрацаваны для настаўніка. Але ў жыцці ім даводзіцца рабіць амаль усё. Яны правяраюць, дзе знаходзяцца дзеці, дзе знаходзіцца ў школе пажарны апавяшчальнік, яны водзяць дзяцей на матчы і спаборніцтвы. Я сама — мама старшакласніка, мне стала цікава, як гэта сістэма працуе. І мне ніхто так і не змог патлумачыць, хто аддае такія распараджэнні”.

Пра новыя падручнікі

“Падручнікі найчасцей робяць людзі, якія даўно не бачылі жывога вучня. Яны не разумеюць, што вучань гэтага не зразумее, не асіліць. Так было з падручнікамі для 4 класа, калі трэба было чытаць пра феадальны лад, а дзеці не разумеюць, што гэта”.

“Па рускай мове вучаць пазіцыі гукаў, а правільна пісаць іх не вучаць. Ёсць жа методыкі, ёсць досвед, назапашаны гадамі. Выдавецтвы, якія атрымліваюць замову на падручнікі, — для іх жа гэта залатое дно”.

Пра “звычайную вясковую школу”

“У Мікалая Лукашэнкі не простая вясковая школа. У звычайнай вясковай школе складана не толькі з падручнікамі. Вясковыя школы цяпер закрываюцца. Нядаўна была ў вёсцы Урбаны Браслаўскага раёна, там закрылі 115-гадовую школу, дзе быў зроблены рамонт. Але дзеці гэтай школы разам з іншымі вучнямі шасці школаў (а гэта каля 200 чалавек) вымушаны перайсці ў школу Браслава. ”.

“Сёння, калі школы пераходзяць на 9 гадзін адкрыцця, школьныя аўтобусы абавязаныя забіраць дзяцей а 7-й раніцы. Яны а палове 8-й прыязджаюць у школу, а заняткі ў іх а дзявятай”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі