Настаўніца, на якую напалі з нажом, пакуль не выйшла на працу
Настаўніца 74-й мінскай гімназіі, на якую з нажом напалі ў класе і нанеслі раны, пакуль не выйшла на працу. Па інфармацыі Еўрарадыё, Валянціна Губарэвіч не прыступіць да заняткаў і ў бліжэйшы час, хоць яна па-ранейшаму значыцца ў спісе настаўнікаў на сайце гімназіі.
Раней у інтэрв'ю "Народнай волі" жанчына казала, што псіхолаг раіць ёй працаваць далей, але ж сама яна сумняецца, ці варта вяртацца ў гімназію.
Параненая настаўніца: Я не ведала, што бацькі скардзіліся на мяне дырэктару
Валянціна Губарэвіч прыгадвае моманты лёсавызначальнага дня і кажа, што не злуецца на вучня, які напаў на яе.
Нагадаем, жахлівы інцыдэнт адбыўся раніцай, 23 траўня. У класе настаўніцы нанеслі некалькі раненняў вострым прадметам, у тым ліку ў шыю. Яе забралі на хуткай, а падазраванага, вучня 9 класа, у міліцыю.
Між тым, бацькі аднакласнікаў затрыманага сумняюцца ў вінаватасці Д. і пішуць адкрыты ліст. Яны ж стварылі петыцыю, у якой звяртаюць увагу на нестыкоўкі ў справе.
Ліст аднакласнікаў гімназіста, якога падазраюць у нападзенні на педагога
У адкрытым лісце ў рэдакцыю Еўрарадыё дзеці расказваюць пра свайго таварыша і педагога і ўзгадваюць дзень, калі ўсё адбылося.
Прайшло ўжо тры месяцы, як цягнецца следства. Затрыманы — 16 гадовы Д., паспеў прайсці псіхолага-псіхіятрычную экспертызу і цяпер зноў знаходзіцца ў СІЗА, справа кваліфікаваная як "замах на забойства".
Чаму так доўга рухаецца расследаванне, у Следчым камітэце не каментуюць. Кажуць толькі, што раследаванне вядзецца. Не гавораць пра яго лёс і лёс пацярпелай настаўніцы ў школе, адсылаюць назад у Следчы камітэт.
У Генпракуратуры такое доўгае расследаванне справы не здзіўляе.
"Тут ёсць непаўнагадовы, а да гэтага заўжды трэба падыходзіць асцярожна. Тым больш, неардынарны выпадак, тут нельга спяшацца", — апісваюць у Генпракуратуры.
Справа можа затрымлівацца, калі трэба дапытаць сведак, а яны з'язджалі на лета, можа зацягнуцца экспертыза, такія магчымыя прычыны затрымкі следства называе адвакат Тамара Сідарэнка:
"Напрыклад, нейкія дзеянні, якія следчыя лічаць неабходнымі, пакуль не праводзіліся. Можа быць пытанне з правядзеннем экспертызы. Можа, прыпынялі дзеянні з-за пацярпелай. Сведкі маглі некуды з'ехаць. У следства ёсць права працягваць тэрмін".
Раней следчыя паведамлялі, што падазраваны не ідзе на супрацоўніцтва.