Наталля Качанава ўзначаліла Адміністрацыю прэзідэнта
21 снежня Аляксандр Лукашэнка прызначыў Наталлю Качанаву кіраўніцай Адміністрацыі прэзідэнта. Яе першым намеснікам прызначаны Максім Рыжанкоў, паведамляе прэс-служба кіраўніка дзяржавы.
Дагэтуль 56-гадовая Качанава была намесніцай прэм'ер-міністра, 44-гадовы Рыжанкоў — памочніка прэзідэнта па пытаннях фізкультуры, спорту і развіцця турызму.
На пасадзе кіраўніка Адміністрацыі Качанава замяніла Аляксандра Косінца, знятага нядаўна. Варта адзначыць, што ўпершыню ў беларускай гісторыі жанчына займае настолькі высокую дзяржаўную пасаду.
Паведамляецца, што перад новапрызначаным кіраўніцтвам сваёй Адміністрацыі Лукашэнка паставіў задачу рэфармаваць гэтае ведамства. Таксама яны павінны заняцца аптымізацыяй і дэбюракратызацыяй працы ўсяго дзяржапарату, узаемадзеяннем Адміністрацыі прэзідэнта з іншымі органамі ўлады, у тым ліку на мясцовым узроўні праз памочнікаў Прэзідэнта.
Лукашэнка даручыў асаблівую ўвагу звярнуць на ідэалагічную і кадравую работу.