Наўседа: найміты “Вагнера” могуць выдаваць сябе за мігрантаў з Беларусі
Мігранты з дзецьмі на беларускай мяжы / Reuters
Найміты “Вагнера” могуць выдаваць сябе за нерэгулярных мігрантаў з Беларусі, цытуе прэзідэнта Літвы Гітанаса Наўседу выданне LRT са спасылкай на Politico.
“Мы павінны быць гатовы. Мы павінны разумець, што нелегальная міграцыя ў руках тыранаў, такіх як Аляксандр Лукашэнка ці Уладзімір Пуцін, — гэта іншы выгляд міграцыі. Для гэтага патрэбныя рашэнні, што пасуюць для такога роду міграцыі”, — сказаў Наўседа.
Больш за 4 тысячы нерэгулярных мігрантаў, галоўным чынам з Блізкага Усходу і Афрыкі, перабраліся ў Літву з пачатку міграцыйнага крызісу. Але ў жніўні 2021 года Літва прыняла закон, які дазваляў аўтаматычна затрымваць і адмаўляць у праве на палітычнае сховішча кожнаму, хто перасякаў мяжу ў абыход законных працэдур.
Мясцовыя і міжнародныя праваабарончыя групы, а таксама Еўрапейскі суд па правах чалавека заявілі, што гэта практыка парушае правы чалавека.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.