Наведнік крамы ў Вільні стрэліў у ахоўніка за просьбу надзець маску
Праваахоўнікі ачапілі месца здарэння / Delfi.lt
У Вільні ахоўнік крамы атрымаў два агнястрэльныя раненні пасля таго, як папрасіў пакупніка надзець маску, паведамляе Delfi.lt.
Мужчына без маскі прыйшоў у краму Rimi ў аўторак пасля абеду. Ахоўнік папрасіў яго надзець маску, як таго патрабуе закон. Мужчыну гэтая просьба раззлавала, і ён напаў на ахоўніка. Калі ахоўнік выклікаў паліцыю, мужчына кінуўся бегчы. Ахоўнік пабег за ім, тады уцякач дастаў пісталет і стрэліў у ахоўніка.
Паліцыя затрымала 42-гадовага падазраванага і цяпер правярае, ці ёсць у яго права на нашэнне зброі. Пацярпелы 38-гадовы ахоўнік дастаўлены ў лякарню. Ён паранены ў абедзве нагі — адна куля прайшла навылёт, другая перабіла костку.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.