Наведвальнікаў “Партызан-Року” чакаюць адразу дзве прэм’еры ад “Дзецюкоў”

Наведвальнікаў “Партызан-Року” чакаюць адразу дзве прэм’еры ад “Дзецюкоў”

Гарадзенскі гурт Dzieciuki прэзентуе адразу дзве песні на фестывалі “Партызан Рок” у Варшаве. Адна з іх — кавер на “Кальянаўскі” “Радыеактыўны снег”, які музыкі падрыхтавалі яшчэ да сёлетняга “Басовішча”, але не хапіла часу яго выканаць.

“У гэтым годзе спаўняецца 20 гадоў гурту “Кальян” — так бы мовіць, дыназаўрам гарадзенскага панк-року, — распавядае лідар Dzieciuki Алесь Дзянісаў. — Частка нашага калектыву грала ў гэтым гурце, таму мы проста вырашылі адзначыць гэта і зрабіць кавер, так бы мовіць, на саміх сабе. “Партызан рок” акурат добрая нагода, каб усё ж такі гэтую песню паказаць. Чаму вырашылі менавіта гэтую песню? Бо, калі ўжо ўзгадваць ды неяк адзначаць, то трэба браць самую вядомую песню. А “Снег” можна лічыць візітоўкай "Кальяна"”.

Кавер пачуюць выключна наведвальнікі фестывалю, Dzieciuki не плануюць звяртацца да яго хоць калі-небудзь яшчэ ні ў якім выглядзе. Таксама гарадзенцы прэзентуюць у Варшаве зусім новую песню, якую планавалася выдаць на трэцім альбоме калектыву, але ў выніку яна выпала з агульнай канцэпцыі.

“У нас ужо ёсць канцэпцыя альбома, але агучваць я яе не буду, каб захаваць інтрыгу. Цяпер пад яе складаецца матэрыял. А гэтая песня на словы Уладзіміра Караткевіча, і яна не трапляе ў канцэпцыю альбома. Таму мы вырашылі, што яна ці будзе асобна запісаная сінглам, ці выйдзе на дыску ў якасці бонус-трэка”.

Пакуль яшчэ музыкі працуюць над матэрыялам трэцяга альбома, калі распачнецца запіс, не вядома, а таму нават планаў на яго выданне музыкі пакуль не складаюць. Фестываль “Партызан рок” пройдзе 5 лістапада ў самым вялікім клубе Варшавы “Progresja”. Апроч Dzieciukoǔ, на ім выступяць Brutto&Lyapis, "Крамбамбуля" ды беларуска-польскі гурт Hańbuki. Падрабязнасці можна знайсці на сайце арганізатараў фестывалю Muztur.by

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі