Два тыдні да “Басовішча”: што чакае на фэсце і калі дадуць візы
Да “Басовішча-2016” засталося 2 тыдні. Але дагэтуль названыя не ўсе выступоўцы аднаго з найстарэйшых оўпэн-эйраў беларускай музыкі.
“З тых, каго мы ўжо агучылі, — “Крамбамбуля”, Brutto, Znich, Dzieciuki, Hanba, Ilo&Friends, Hanbuki, Jazzombie, Zero-85 і Navi, як лаўрэаты мінулага года, — пералічвае удзельнікаў арганізатар фестывалю Лідзія Пякарская. — А вось Tonqixod, на жаль, хутчэй за ўсё, не прыедзе праз хваробу. Пакуль гэта поўны спіс, але мы чакаем, што да яго дададуцца яшчэ 2-3 гурты”.
Апроч Tonqixod, хутчэй за ўсё, не прыедуць на фестываль Neuro Dubel ды “Разбітае сэрца пацана”, якіх арганізатары хацелі запрасіць. Лідзія прызнаецца, што з “Дзюбелямі” яшчэ вядуцца перамовы, а вось “РСП” ужо дакладна адмовіліся. У конкурснай частцы сёлета возьмуць удзел Intelligency, M.J., Haina, .K(кропка К) ды The Glitchhh.
“Сёлета будзе больш па-за музычнай актыўнасці, — кажа пра адрозненні сёлетняга оўпэн-эйра Лідзія. — Мы прагнем, каб іх было больш і больш з кожным годам. Працягнем “Стрэфу БасМежжа”, дзе музыкі, журналісты і звычайныя гледачы могуць сустрэцца і пагаварыць. Таксама прыедуць тэатры, што ўвогуле новаўвядзенне на фестывалі. У суботу бліжэй да поўдня, калі ўжо ўсе павыходзяць з гарачых намётаў, плануем правесці спартовую гульню. Будзем разбівацца на пяць камандаў па пяць чалавек. У кожнай адзін арганізатар фэсту і чатыры наведвальнікі. Будзем там скакаць, бегаць… то бок правядзем такую спартакіяду, за перамогу ў якой запланаваныя прызы”.
Фестываль “Басовішча-2016” пройдзе 22-23 ліпеня ў памежным польскім мястэчку Гарадок. Арганізатары запэўніваюць, што ўсе беларусы, якія своечасова падалі заяўку на атрыманне візы, атрымаюць магчымасць наведаць оўпэн-эйр.
“Спісы мы падалі ў візавыя цэнтры, — працягвае Лідзія. — Яны ўсё прынялі, усе людзі адпавядаюць крытэрыям, так што, думаю, ніякага адсеву ўжо не будзе. На жаль, мы ўжо не маем ніякага ўплыву на тое, калі пачнуць выклікаць людзей. Але ў візавых цэнтрах паабяцалі выдзеліць асобны дзень, каб абтэлефанаваць усіх і запрасіць у консульствы. Так што, нам застаецца толькі чакаць”.
Так што, трэба быць пільнымі, здымаць усе незнаёмыя нумары, бо часу застаецца мала і калі прапусціць прызначаны дзень падачы дакументаў, то дадатковых магчымасцяў папросту можа не быць.